У Мастацкім музеі ў Берасцейскай крэпасці адкрылася выстава да Вялікадня



У Мастацкім музеі ў Берасцейскай крэпасці 18 красавіка адкрылася выстава, прысвечаная святу Вялікадня.

Гэта сумесны праект абласнога краязнаўчага музея, чыім філіялам з’яўляецца Мастацкі музей, і Берасцейскай епархіі. Адкрыццю выстаўкі папярэднічаў малебен на пачатак добрай справы, які правёў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Высокадухоўную атмасферу гэтага не зусім звычайнага вернісажу дапоўнілі песнапенні хору духавенства епархіі.

У экспазіцыі прадстаўлена каля ста прадметаў царкоўнага мастацтва: антыкварныя і сучасныя абразы, адзенне для свяшчэннаслужыцеляў, узоры залатнога шыцця і вышыўкі жэмчугам, богаслужэбныя камплекты і кнігі, упрыгажэнні для храма, царкоўныя рэчы. 

Асобнай увагі заслугоўвае цэнтральны экспанат выстаўкі – парчовае адзенне на прастол храма Свяціцеля Спірыдона на грэцкім востраве Корфу. „Рэліквію ў дар храму нам заказаў адзін з яго мецэнатаў. Яна ў нас яшчэ ў рабоце – гэта толькі частка ўбору”, – растлумачыла ігумення Аляксандра. Яна расказала, што над кожным творам працуе некалькі чалавек: „Гэта не толькі вышывальшчыцы, але і мастакі, канструктары, мадэльеры, дызайнеры – тут супрацоўніцтва цэлай групы людзей. Як правіла, вельмі шмат сясцёр задзейнічана”.

Дырэктар абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў адзначыў, што гэта не першы сумесны з епархіяй праект і пакладзеная некалькі гадоў таму традыцыя будзе прадоўжана. „Я ўпэўнены, што ніхто з наведвальнікаў выстаўкі не застанецца абыякавым, таму што яна нясе прыгажосць, прасвятленне і высокае святло духоўнасці”, – падкрэсліў кіраўнік музея.

Выстаўка будзе працаваць да 12 траўня.

belta.by