Купала на “Шэўрале” заязджаў да Леўчыка ў Слонім



Да беларускага пісьменніка, калекцыянера, музыканта і мастака Гальяша Леўчыка (1880-1944) у Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і грамадская актывістка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, пісьменнік Міхась Лынькоў, каталіцкі святар Адам Станкевіч і нават аднойчы завітаў сам Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Менск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве былы нашаніўскі аўтар Гальяш Леўчык. На сваім “Шэўрале” Янка Купала пад’ехаў да хаткі паэта. Воклічы радасці вырваліся з грудзей паэтаў. Сябры шчыра абняліся, і Леўчык запрасіў Янку Купалу ў сваю маленькую хатку. Яна стаяла на вуліцы 1 траўня (цяпер Чырвонаармейская вуліца), дзе быў Слонімскі аўтарамонтны завод, якога зараз ужо няма. А хатка Леўчыка прастаяла да пачатку 1960-х гадоў, але завод пашыралі і гістарычную хатку знішчылі.

Хата Гальяша Леўчыка, куды прыязджаў Янка Купала. Не захавалася.

Хатка, у якую ўвайшоў Янка Купала, нагадвала маленькую залу музея. Усе сцены былі завешаны малюнкамі і фотаздымкамі. Шмат на паліцах стаяла кніг і ляжала рукапісаў. Сябры прыселі на ўслончык, які стаяў каля вакна. “Ну, як жывеш, Гальяш?” – спытаў Купала. “Як жыву?.. Бульба ёсць, запалкі ёсць… Вось так і жыву! А ты?..” – запытаў Леўчык. “Вось бачыш – ордэн далі, дачу далі, “Шэўрале” падаравалі, не так, як ты. Прыедзеш да мяне, сам пабачыш”, – пахваліўся Янка Купала…

Пасля гутаркі, песняр запрасіў Гальяша Леўчыка ў “Першы беларускі рэстаран”, які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці паэтам сустрэцца не давялося. Эх, знайсці хаця б сёння той услончык, дзе ў гэтай хатцы сядзелі Янка Купала і Гальяш Леўчык!..

А вось Купалаўскі аўтамабіль “ШэўралеChevrolet Master Deluxe GA быў выпушчаны ў 1937 годзе. У 2010 годзе аўтамабіль быў адрэстаўраваны і цяпер знаходзіцца ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ў Ляўках. На ім Янку Купала і прыязджаў у Слонім.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара