На Мазырскім НПЗ пашкоджанае дарагое абсталяванне



З-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе выйшла са строю дарагое абсталяванне, паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.

„20 красавіка на ўстаноўцы ЛК-6У № 2 секцыі С-100 выяўленыя пропускі цеплаабменных трубак паветранага халадзільніка ХК-105, які складаецца з шасці секцый. Рамонтна-механічная вытворчасць прадпрыемства зрабіла дэмантаж названага абсталявання і пачала рамонт”, — паведамляе Мазырскі НПЗ. Папярэдняе абследаванне абсталявання ўсталявала прыкметы каразійнага разбурэння цеплаабменных трубак.

Паводле інфармацыі гендырэктара мазырскага прадпрыемства Віталя Паўлава, спецыялісты дзейнічалі „хутка і дакладна”, на заводзе быў арганізаваны ўзмоцнены кантроль за станам абсталявання і вядзеннем тэхналагічнага рэжыму. Павялічаная падача рэагентаў, якія спрыяюць зніжэнню карозіі. „Нягледзячы на ўзніклыя праблемы, звязаныя з каразійным зносам абсталявання, ААТ „Мазырскі НПЗ” па-ранейшаму выпускае таварную прадукцыю, якая адпавядае міжнародным стандартам якасці, у поўным асартыменце”, — падкрэсліваюць на прадпрыемстве.

У „Белнафтахіме” БелаПАН паведамілі, што транзіт нафты па нафтаправодзе „Дружба” працягваецца. „Паводле інфармацыі ААТ „Гомельтранснафта Дружба”, у беларускім участку магістральнага нафтаправода знаходзіцца больш за 700 тысяч тон нафты, якая ўтрымлівае павышаныя дозы хлорарганікі. Акрамя беларускага ўчастка, увесь нафтаправод ад Самары да Унечы, а гэта 1.400 кіламетраў, запоўнены „бруднай” нафтай”, — адзначылі ў канцэрне.

„Мы прымаем усе меры, каб забяспечыць унутраны рынак бензінам і дызельным палівам у належным аб’ёме. Экспарт нафтапрадуктаў часова абмежаваны”, — дадалі ў „Белнафтахіме”. Там чакаюць, што нафта належнай якасці паступіць па нафтаправодзе не раней як праз 8-10 дзён.

19 красавіка ў „Белнафтахіме” паведамілі, што ўжо некалькі дзён па нафтаправодзе „Дружба” з Расеі паступае няякасная нафта, утрыманне хлорарганічных злучэнняў у асобных пробах якой у дзясяткі разоў перавышае дапушчальны ўзровень. У эфіры тэлеканала СТВ старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў паведаміў, што „асобныя пробы паказвалі перавышэнне ў 100 разоў”. Першым няякасную сыравіну атрымаў Мазырскі НПЗ, дзе яго лакалізавалі.

21 красавіка ў Наваполацку, у ААТ „Нафтан”, адбылося пасяджэнне аператыўнага штаба, паводле вынікаў якога віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў: пасля пастаўкі няякаснай нафты з Расіі Беларусь уводзіць абмежаванні на экспарт светлых нафтапрадуктаў.

Ляшэнка паведаміў, што 23 красавіка ў Расію выязджае дэлегацыя „Белнафтахіма”, у склад якой уключаныя кіраўнікі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, для перамоў з прадстаўнікамі „Транснефці”. Расійскія пастаўшчыкі нафты паабяцалі найбліжэйшым часам стабілізаваць сітуацыю, дадаў чыноўнік.

Віцэ-прэм’ер таксама адзначыў, што Беларусь у гэтай сітуацыі нясе „эканамічныя і тэхнічныя выдаткі”.

Адзначым, што Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту, даручыў ураду „асаблівую ўвагу звярнуць на найхутчэйшае заканчэнне мадэрнізацыі двух нафтаперапрацоўчых заводаў”. „Каб мы не хадзілі з працягнутай рукой, нікому не кланяліся ў пояс, а куплялі на сусветным рынку нафту, перапрацоўвалі. Мы на фінішнай стадыі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by

Фота belmarket.by