Пагаршэнне якасці расейскай нафты з’яўляецца парушэннем кантракта
Нафта, якая не адпавядае паказчыкам якасці, цяпер знаходзіцца ў нафтаправодах ААТ „Гомельтранснафта Дружба” па ўсёй тэрыторыі Беларусі, паведамляе прэс-служба прадпрыемства.
„Гэтая сітуацыя з’яўляецца парушэннем кантракта з боку „Транснефці”. Аднак „Гомельтранснафта Дружба” выконвае ўсе дамоўленасці з расейскімі калегамі на пастаўку нафты і вымушаная працягваць прапампоўку няякаснай сыравіны”, — адзначаецца ў паведамленні.
У прэс-службе падкрэслілі, што кіраўніцтва прадпрыемства знаходзіцца ў пастаянным кантакце з расейскімі партнёрамі, на 23 красавіка запланаваная сустрэча з кіраўніцтвам „Транснефці” „па абмеркаванні тэхнічных і кампенсацыйных пытанняў” з удзелам прадстаўнікоў канцэрна „Белнафтахім” і дырэктараў двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
Нагадаем, 19 красавіка „Белнафтахім” паведаміў, што ўжо некалькі дзён па нафтаправодзе „Дружба” з Расеі паступае няякасная нафта, утрыманне хлорарганічных злучэнняў у асобных пробах якой у дзясяткі разоў перавышае дапушчальны ўзровень. У эфіры тэлеканала СТВ старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў заявіў, што „асобныя пробы паказвалі перавышэнне ў 100 разоў”. Першым няякасную сыравіну атрымаў Мазырскі НПЗ, дзе яе лакалізавалі.
21 красавіка ў Наваполацку, у ААТ „Нафтан”, адбылося пасяджэнне аператыўнага штаба, па выніках якога віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў: пасля пастаўкі няякаснай нафты з Расеі Беларусь уводзіць абмежаванні на экспарт светлых нафтапрадуктаў. Паводле яго слоў, 23 красавіка ў Расею выязджае дэлегацыя „Белнафтахіма”, у склад якой уключаныя кіраўнікі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, для перамоваў з прадстаўнікамі „Транснефці”. Расейскія пастаўшчыкі нафты паабяцалі найбліжэйшым часам стабілізаваць сітуацыю, адзначыў чыноўнік. Пры гэтым ён дадаў, што Беларусь нясе „эканамічныя і тэхнічныя выдаткі”.
22 красавіка ў дзяржканцэрне паведамілі, што з-за няякаснай нафты на Мазырскім заводзе выйшла са строю дарагое абсталяванне. „Нягледзячы на ўзніклыя праблемы, звязаныя з каразійным зносам абсталявання, ААТ „Мазырскі НПЗ” па-ранейшаму выпускае таварную прадукцыю, якая адпавядае міжнародным стандартам якасці, у поўным асартыменце”, — адзначылі на прадпрыемстве.
„Дружба” — магістральны нафтаправод, які ўяўляе сабой складаную тэхнічную сістэму. Беларускае прадпрыемства ажыццяўляе перапампоўку нафты, якая паступае з расейскай часткі нафтаправода, у напрамку краін Заходняй і Усходняй Еўропы, забяспечвае вуглевадароднай сыравінай беларускую нафтахімію. У 2018 годзе прадпрыемствам перапампаваныя 60,4 млн тон нафты, з іх 58,8 млн тон — пастаўкі з Расіі, што забяспечыла каля чвэрці нафтаэкспарту РФ.
belapan.by