Літва часова не прымае грузавы аўтатранспарт



З-за збою ў працы інфармацыйных сістэм на мяжы Літва часова не прымае грузавы аўтатранспарт з Беларусі, паведамляе Гарадзенская рэгіянальная мытня.

„Паводле інфармацыі, атрыманай ад літоўскай мытнай службы, сёння, 23 красавіка, а 4-й гадзіне раніцы ў інфармацыйных сістэмах адбыўся збой. Грузавыя транспартныя сродкі, што рухаюцца на ўезд у Літоўскую Рэспубліку, не прымаюцца сумежным бокам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна са звесткамі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, па стане на 8.00 уезду ў Літву чакалі прыблізна 800 грузавых аўтамабіляў. Найбольшая іх колькасць сабралася ў пункце пропуску „Каменны Лог” — тут прастойвае 380 велікагрузаў.

belapan.by