Рыгор Кастусёў: Абсурд з аплатай паслуг міліцыі відавочны



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў абураецца новым законам, які рэгламентуе пры правядзенні масавых мерапрыемстваў аплату паслуг міліцыі.

Як вядома, арганізатары “Чарнобыльскага шляху-2019” падалі заяўку на правядзенне акцыі 26 красавіка, і сталічныя гарадскія ўлады дазволілі правядзенне мерапрыемства ў фармаце “збор удзельнікаў шэсця на пляцоўцы перад будынкам прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук у 17.30, пачатак шэсця – у 18.30”.

Але пры гэтым арганізатарам трэба заключыць дамову з міліцыяй аб ахове грамадскага парадку, на аплату паслуг праваахоўных органаў спатрэбіцца каля 7,5 тысячы рублёў. Невядома, ці знойдуць арганізатары такія грошы, а таму і мерапрыемства застаецца пад пытаннем.

Рыгор Кастусёў: На гэты момант перамовы з Менгарвыканкамам наконт правядзення “Чарнобыльскага шляху” працягваюцца, таму пакуль канчатковая кропка не пастаўлена. Мяркую, што рана адмаўляцца ад заяўленага фармату.

Іншая рэч, што новы закон, які рэгламентуе аплату паслуг міліцыі пры правядзенне такіх акцый, абуральны і непрымальны. Гэта парушэнне ўсіх міжнародных нормаў і нормаў беларускай Канстытуцыі, якая гарантуе беларусам права на мірныя сходы. Грамадзяне Беларусі плацяць у бюджэт падаткі, а значыцца і так утрымліваюць міліцыю за свой кошт.

РР: Адным словам, міліцыі, якая атрымлівае заробкі з бюджэтных грошай, каб ахоўваць парадак, трэба асобна плаціць, каб яны ахоўвалі парадак…

Рыгор Кастусёў: Абсурд тут абсалютна відавочны, у гэтым плане нешта трэба змяняць. Наколькі мне вядома, ні ў Польшчы, ні ў Літве такой нормы няма, і там правесці акцыю ўвогуле не складае вялікай цяжкасці.

Ва ўсіх цывілізаваных краінах міліцыя лічыцца той службай, якая павінна забяспечваць парадак і бяспеку сваіх грамадзян. А ў нас праваахоўнікі пераўтварыліся ў рэпрэсіўную структуру, якая, як бачым, пераходзіць яшчэ і на камерцыйныя рэйкі. Адным словам, на цябе будуць ціснуць за твае ж грошы. Дзе былі гэтыя ахоўнікі парадку, калі на афіцыйна дазволеным Дні Волі ў Кіеўскім скверы людзі ў цывільным затрымлівалі Зміцера Дашкевіча? Стаялі збоку і нічога не прадпрымалі. А грошы за так званую ахову парадку патрабуюць немалыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя