Сістэмныя праявы палітыкі памяці



Напярэдадні каталіцкай Пасхі кіраўнік Беларусі ўзначаліў чыноўніцкі атрад на суботніку на аб’екце з сімвалічнай назвай “Лінія Сталіна”. Частка беларускай грамадскасці ўспрыняла такі жэст як знявагу. Тым больш, падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі з удзелам дзяржаўных СМІ першая асоба дзяржавы выказала некалькі думак, якія шакавалі хрысціянскіх вернікаў і нашчадкаў рэпрэсаваных сталінскім рэжымам людзей. Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў магчымасць звярнуцца да сваіх завочных апанентаў, якія апрыёры асуджаюць ягоныя дзеянні што да мемарыялізацыі пэўных дзеячаў савецкай гісторыі. “Ну як, гэта ж сталінізм. Гэта Сталін, нягоднік… Што толькі не казалі. І ты такі ж, таму што адраджаеш імя Сталіна. Слухайце, я не імя Сталіна адраджаў, хоць ён гэтага заслугоўвае”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. У гэтай фразе – квінтэсэнцыя дзяржаўнай палітыкі памяці, пабудаваная на выбуховай сумесі настальгіі па савецкай антычнасці і адмаўленне адраджэнцкіх наратываў. Чаму ўсё-такі Аляксандр Лукашэнка вырашыў засведчыць сваю павагу да змрочных сімвалаў савецкай эпохі?

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца на пасадзе кіраўніка незалежнай Беларусі вось ужо чвэрць стагоддзя. За гэты час, вядома, ягоныя погляды істотна падкарэктаваліся. У рыторыцы прэзідэнта сталі гучаць больш стрыманыя ацэнкі несавецкай беларускай гісторыі і больш цярпімае стаўленне да беларускай мовы, на якой ён раз-пораз выступае. Эвалюцыю поглядаў можна прасачыць па двух фразах. Калі ў 1990-х гадах ён казаў пра беларускую мову ў духу “нічога вартага на ёй стварыць нельга”, то цяпер ён гаворыць: “Пазбавіўшыся беларускай мовы, мы пазбавімся сэрца”. Але для яго нязменным застаецца пяршынства расейскай мовы, а таксама настальгія па СССР і ўсім, што з ім звязана. Адпаведна, выказванні на “Лініі Сталіна” – гэта дэманстрацыя ўласных поглядаў шырокай грамадскасці.

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца палітыкам, якога цяжка абвінаваціць у адсутнасці інтуіцыі і адчування грамадскіх працэсаў унутры і па-за межамі Беларусі. На гэтым этапе Беларусь апынулася ў эпіцэнтры інфармацыйнай вайны, развязанай расейскімі СМІ. Адметна, што пад прыцэл прапагандыстаў РФ трапілі не столькі беларускія нацыяналісты, колькі ключавыя фігуры рэжыму. Некаторым з іх прыпісваюцца зусім нетыповыя для іх рысы. Са звычайных функцыянераў лепяць ледзьве не ідэолагаў новай хвалі адраджэння. Вось, скажам, на днях прагучала заява аднаго ўплывовага расейскага палітыка Канстанціна Затуліна, які адыграў вялікую ролю ў анексіі Крыма ў 2014 годзе. Ён наўпрост звінаваціў афіцыйны Менск у тым, што ў Беларусі дыскрымінуюцца прарасейскія актывісты. Калі з вуснаў такіх асобаў гучаць падобныя выказванні, гэта з’яўляецца трывожным званочкам для постсавецкіх кіраўнікоў, якія ўважліва сочаць за перыпетыямі расейска-ўкраінскага канфлікту. У гэтым кантэксце прэзідэнт Беларусі з усіх сілаў стараецца паказаць расейскаму грамадству, што зляпіць з яго вобраз антырасейскага палітыка не ўдасца. А найлепшы спосаб у гэты момант – гэта апеляцыя да постаці аднаго з найбольш шанаваных расейцамі гістарычных персанажаў Ёсіфа Сталіна. Нядаўна ў Расеі правялі сацыялагічнае даследаванне, якое шакавала ліберальную грамадскасць і многіх замежнікаў. Паводле дадзеных “Левада-Цэнтра”, каля 70% расейцаў станоўча ацэньваюць ролю Ёсіфа Сталіна ў жыцці краіны. Гэта рэкорднае значэнне за ўсе часы правядзення аналагічных апытанняў. Каля 46% расейскіх рэспандэнтаў лічаць, што злачынствы ў сталінскую эпоху былі апраўданыя “вялікімі мэтамі і вынікамі”.

Такім чынам, ва ўмовах нацягнутых адносінаў з кіраўніцтвам РФ у беларускага правадыра застаецца ў саюзніках толькі ўласна расейскі народ, якому можа быць адрасаваны сігнал пра нязменнасць курсу палітыкі памяці ў Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ