Велікодны фельетон-2019 з Беларусі
Даўно гэта было. Я тады толькі пачынаў пісаць фельетоны для “Нівы”. І добра памятаю, як мне тэлефанаваў перад святам Светлага Хрыстовага Ўваскрасення рэдактар тыднёвіка беларусаў Польшчы Яўген Вапа ды тлумачыў, што там ад гарадзенскага аўтара хацелі б даведацца беларускамоўныя чытачы па другі бок мяжы ад таго месца, адкуль той аўтар нешта грызмоліць сваім графітавым алоўкам.
Вядома ж, хацелі б даведацца як ў Гародні святкуюць Вялікдзень. У які колер яйкі фарбуюць, калі асвячаюць, з якім настроем ідуць да царквы, і з якім з царквы дахаты. Хто там ў хаце за сталом, што там на стале. Ля якой іконы знаходзяцца асвечаныя тыдзень таму вербачкі і чым яны ўпрыгожаныя. Ну і ўсё такое падобнае хацелі б даведацца чытачы Нівы.
Зараз як успомніш, дык сэрца напаўняецца цяплом.
Якія светлыя і натхнёныя фельетоны мы дасылалі з Беларусі!
Беларускае духоўнае Адраджэнне крочыла нага ў нагу з Адраджэннем нацыянальным, і беларусы з другога боку мяжы хацелі цешыцца гэтымі працэсамі разам з тымі, хто быў іх натхняльнікамі і непасрэднымі ўдзельнікамі тут у Беларусі.
Як бы хацелася і зараз напісаць пра гэта! Але ж…Усё змянілася. І пісаць трэба зусім на іншыя тэмы. Вось так яно бывае. Пачыналі з таго, з чаго душа радуецца, а зараз пішам пра тое, з чаго яна баліць.
А пра што яшчэ можна пісаць, калі пад час Вялікага Посту па прыгожа падрыхтаванай для Еўрапейскіх гульняў-2019 і добра заасфальтаванай Мінскай кальцавой дарозе едуць вялікія грузавікі да верху набітыя павыдзіранымі з Курапатаў крыжамі?!
Крыжы на гэтай зямельцы нішчаць не ўпершыню. Руйнавалі разам з тымі крыжамі і цэрквы, і касцёлы, і чалавечыя душы. І людзей нішчылі. Вось і ў тыя Курапаты везлі іх бартавымі машынамі, а людцы ў тых машынах да апошняга спадзяваліся, што зараз раскрыецца памылка, і іх адпусцяць дахаты, да дзетак, да сям’і. Яны ж нічога кепскага не зрабілі. Таму і не маглі прыняць ні чалавечымі эмоцыямі, ні людскімі мазгамі, што зараз іх усіх пераб’юць ды паедуць па новую партыю людзей, каб перабіць і тых усіх да аднаго. Не прымала такога сцэнару ні чалавечая псіхіка, ні людская свядомасць, ні душа, ні розум. Паўставалі ўсе чалавечыя пачуцці супраць таго, што вочы бачылі! Не верылі вачам сваім людзі!
Таму і не ўцякалі ад расправы, што не верылі ў гэтую жудасць, якая не можа быць, бо не можа быць ніколі. Спадзяваліся да апошняга. Нават пачуўшы за плячамі стрэл і прыбліжэнне кулі да патыліцы, і тады спадзяваліся. Бо немажліва паверыць было ў тое, што рабілася! Бо рабілі гэта таксама людзі! Хай сабе іншыя, але ж людзі! Не могуць жа людзі такога рабіць!
Немажліва паверыць і зараз у тое, што робіцца ў Курапатах. Але і зараз людзі кіруюць тэхнікай, што выкарчоўвае памяць і пашану да нявінна загінулых, людзі ахоўваюць тую тэхніку ад іншых людзей, людзі прыводзяць аргументы пра тое, што не тут і не так мусіць будавацца Народны мемарыял, людзі тлумачаць, што іншыя людзі паставілі тут крыжы незаконна, людзі затрымліваюць нязгодных з імі людзей і цягнуць у суд, дзе іх судзяць зноў жа людзі…
Людзі, апамятайцеся!
Пагадзіцеся, што гэта так добра, калі аўтар у такія вялікія перадсвяточныя дні піша пра тое, як людзі святкуюць Пасху. Якія ў іх традыцыі, чым яны адрозніваюцца па мясцовасцях, чым падобныя, якія спяваюць святочныя песні, як цалуюць крыж…
І як шануюць продкаў. І сваіх родных, і тых, каго несправядліва закатавалі, у тым ліку і ў Курапатах. Шануюць і ўзгадваюць для таго, каб ніколі больш не паўтарылася гэтае зверства. Таму схіляюць галовы перад крыжам у трапяткой хвіліне маўчання.
Крыжоў на беларускай зямлі не стане менш, колькі б іх не нішчылі. Я пра крыжы памяці і пашаны. А таксама пра крыж, як галоўны сімвал Хрысціянства. І яшчэ пра крыж, як сімвал прыналежнасці нас, беларусаў, да вялікай агульнаеўрапейскай сям’і.
А гэтая беларуская зямля і яе лёс ужо самы па сабе вялікі крыж. Крыж, якога аніяк не зруйнуеш.
І заўсёды знойдуцца людзі, якія паставяць чарговы крыж у гонар гэтых каштоўнасцяў.
І паставяць крыж, у гонар і памяць знішчаных крыжоў.
Віктар Сазонаў