Сустрэча кантактнай групы па Украіне – адмененая (абноўлена)



Сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Менску – адмененая. На сёння быў запланаваны другі этап сустрэчы ў фармаце Украіна-Расея-АБСЕ. Пра гэта паведаміў „Свабодзе” прэс-сакратар МЗС Дзмітры Мірончык.

Міністэрства замежных спраў пацвярджае гатовасць да правядзення чарговай сустрэчы, але яе дата залежыць толькі ад удзельнікаў перамоваў — адзначыў Мірончык.

24 снежня сустрэча ў Менску доўжылася амаль пяць гадзінаў, яе ўдзельнікі не далі каментароў журналістам. Але стала вядома, што была дасягнутая дамоўленасць пра абмен палоннымі ў фармаце „ўсіх – на ўсіх”.

CA1745CF-5C08-4D1E-B04E-86F457B6BE5C_mw1024_s_n

(Фота Reuters)

* * *

Прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны дамовіліся ў Менску аб абмене палоннымі, сцвярджае так званы кіраўнік „ДНР” Аляксандр Захарчанка.

„Прыбралі апошнія рознагалоссі з нагоды абмену палоннымі. Будзе 150 на 225, абмен „ўсіх на ўсіх”, – сказаў ён на прэс-канферэнцыі, паведамляе расійскае агенцтва ТАСС.

Ён не ўдакладніў, які бок канфлікту перадасць 150 палонных, а які – 225. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі з боку Кіева пакуль няма.

Але днём у сераду Служба бяспекі Украіны паведамляла пра гатоўнасць перадаць баявікам 225 затрыманых для таго, каб вярнуць з палону ўкраінскіх грамадзян, паведамляе bbc.co.uk.

* * *

Перамовы ў сераду ўвечары працягваліся больш за 5 гадзін і па іх завяршэнні ніякіх заяваў для прэсы зроблена не было, паведамляе bbc.co.uk. Прадстаўнік самаабвешчанай „ДНР” на сустрэчы ў Менску Дзяніс Пушылін адзначыў, што перамовы былі цяжкімі. Дата наступнай сустрэчы яшчэ абмяркоўваецца.

Расейскае агенцтва „РІА Навіны” паведаміла, што АБСЕ ў бліжэйшы час распаўсюдзіць інфармацыю пра вынікі сустрэчы ў Менску.

У кантактную групу на перамовах у сталіцы Беларусі ўвайшлі экс-прэзідэнт Леанід Кучма як прадстаўнік Украіны, Міхаіл Зурабаў з боку Расеі і Хайдзі Тальявіні – ад АБСЕ.

Прадстаўнікі так званых „ДНР” і „ЛНР” – Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйна – раней заявілі расейскім СМІ, што паехалі ў Менск, не атрымаўшы афіцыйнага запрашэння.

* * *

У менскім комплексе Дом прыёмаў праходзіць паседжанне кантактнай групы па Украіне. У ім бяруць удзел афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, амбасадар Расеі ў Кіеве Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі сепаратыстаў з так званых ЛНР і ДНР.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык паведаміў, што ўдзельнікі перамоваў ня выйдуць да прэсы. Колькі працягнуцца сённяшнія перамовы і што на іх будзе абмяркоўвацца, афіцыйна не паведамляецца. Таксама не агучана інфармацыя наконт перамоваў 26-га снежня.

* * *

Сустрэча кантактнай групы па мірным урэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны запланаваная 24 снежня на 15 гадзін.

Як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніка данецкіх сепаратыстаў Дзяніса Пушыліна, парадак дня сустрэчы ў Менску застаецца ранейшым і ўключае ў сябе чатыры асноўныя пытанні.

«Сустрэча пацвярджаецца, прынамсі, на дадзены момант. Пачатак запланаваны на 15 гадзін. Парадак ранейшы. Гэта чатыры пытанні: адвод артылерыі і сродкаў залпавага агню на бясьпечную адлегласць ад лініі судакранання, абмен палоннымі, зняццё эканамічнай блакады Данбасу і ўвядзенне ў дзеянне Украінай закону пра асаблівы статус Данбасу», — сказаў Дзяніс Пушылін.