Дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ наведае Беларусь



Дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы 29—30 красавіка наведае Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба Савета Еўропы, дэлегацыю ўзначаліць прэзідэнт кангрэса Андэрс Кнапе. Запланаваны яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынём Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам і старшынём Менскага гарадскога савета дэпутатаў Васілём Панасюком.

Дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад прыме ўдзел у круглым стале і пасяджэнні Савета па супрацоўніцтве органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, прысвечаных тэме ўдасканалення заканадаўства Беларусі па пытаннях самакіравання. Плануецца абмеркаваць сітуацыю з мясцовым самакіраваннем у краіне ў святле Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання і функцыянавання мясцовых і рэгіянальных органаў улады.

Члены дэлегацыі кангрэса падзеляцца вопытам сваіх краін у рэалізацыі законаў аб мясцовым самакіраванні, а таксама раскажуць пра ролю і ўклад асацыяцый мясцовых і рэгіянальных улад у паляпшэнне сістэмы мясцовага самакіравання і заканадаўства.

belapan.by

Фота coe.int