Ігар Мельнікаў: Беларусы змагаліся з нацызмам не толькі ў складзе Чырвонай арміі
Беларускія ветэраны ІІ сусветнай вайны, якія змагаліся супраць нацызму ў складзе войска генерала Андэрса, таксама заслугоўваюць ушанавання на дзяржаўным узроўні. Але пакуль дзяржаўная прапаганда адзначае толькі тых, хто ваяваў у савецкай Чырвонай арміі.
Гэта несправядліва, і менавіта таму гісторык Ігар Мельнікаў вырашыў публікаваць на сваім Фэйсбуку фотаздымкі беларусаў з Арміі Андэрса. Кажа Ігар Мельнікаў:
– Я вырашыў рабіць такія пасты на ФБ, рабіў нейкія відэа. Каб нагадваць пра тое, што ў нас не толькі ў складзе чырвонай арміі змагаліся беларусы, але таксама і ў Арміі Андэрса, у складзе Войска Польскага з 1939 года. У гэтым годзе, акрамя ўсяго, мы маем яшчэ 80-ю гадавіну з моманту пачатку Другой сусветнай вайны. Гэтую дату, на жаль, беларускі афіцыёз ніяк не згадвае. Хаця яна, як ніякая іншая, звязана менавіта з беларускімі землямі.
Ігар Мельнікаў ужо даўно даследуе тэму беларусаў у андэрсаўскім войску, ён аўтар шэрагу кніг на гэтую тэматыку. Фотаздымкі беларусаў у Арміі Андэрса можна будзе цягам бліжэйшых тыдняў глядзець на старонцы гісторыка ў Фэйсбуку.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя