У Берасці судзяць праціўнікаў акумулятарнага завода
Сёння, 24 красавіка, у Берасці пачаліся суды над праціўнікамі акумулятарнага завода, якія былі затрыманы 12 і 14 красавіка. Большасць з іх былі затрыманыя 12 красавіка і амаль трое сутак правялі ў ІЧУ.
Першым судзілі Віталя Казака. Яго вінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у шэсці 14 красавіка. Сваю віну Казак не прызнаў. Вынік – 30 базавых велічынь (765 рублёў) за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Віктар Сэндэр, які быў затрыманы АМАПам пасля шэсця 14 красавіка, ашрафаваны на 5 базавых (127,5 рублёў) па тым жа артыкуле. Абодвух актывістаў судзіў суддзя Ленінскага суда Дзмітрый Шурын. Сведкамі, як заўсёды, выступілі міліцыянты Ленінскага РАУС.
Актывіст Алесь Абляк, якога мусяць судзіць 25 красавіка, паведаміў у сваім Facebook, што ў будынку суда яму спрабавалі даць позву ў Ленінскі РАУС на нядзелю 28 красавіка.
У 11.55 пачаўся суд над Кацярынай Басаргіной. 12 красавіка яна прыйшла ў РАУС, куды яе выклікалі ў якасці сведкі, і там жа яна была затрымана і дастаўлена ў ІЧУ. На наступны дзень (у суботу) яе вызвалілі. На Кацярыну склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці сёмага красавіка. На судзе сваёй віны Кацярына не прызнае, кажа, што не выкрыквала ніякіх лозунгаў і не пляскала ў далоні. Міліцыянты-сведкі сказалі, што не бачылі, як Кацярына выкрыквала лозунгі супраць завода.
У выніку суд прымае рашэнне працягнуць працэс на наступны дзень, 25 красавіка.
Пасля абеду прайшлі працэсы над Алегам Вялавым і Дзмітрыем Андрасюком – іх таксама абвінавачваюць у незаконным шэсці 7 красавіка.
Алега Вялава прызналівінаватым і аштрафаваны на 25 базавых (637,5 рублёў).
Дзмітрыю Андрасюку – штраф 40 базавых (1 020 рублёў). Сам Андрасюк на абвяшчэнні рашэння не быў – суддзя выдаліў яго з залі за парушэнне парадку і непавагу да суду.
Такім чынам, сёння чацвярых праціўнікаў завода аштрафавалі агулам на 100 базавых або 2 550 рублёў.
Сведкамі на ўсіх судах выступалі міліцыянты.
На заўтра запланаваны 4 працэсы: над Таццянай Фесікавай (абвінавачваюць у раздачы жоўтых балонікаў 31 сакавіка на плошчы Леніна), Алесем Абляком, Ягорам Кандрацюком (абодва – за шэсце 14 красавіка) і Уладзіславам Абрамовічам (за шэсце 7 красавіка).
У пятніцу 26 красавіка за шэсце 7 красавіка будуць судзіць Дзяніса Малышэнку, Сяргея Свірскага, Уладзіміра Казлоўскага, Дзям’яна Лепясевіча і праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна.