Сустрэча дзвюх адзінот



Дзесьці рыхтуюць палёт на Марс, дзесьці паляпшаюць робататэхніку, дзесьці спрабуюць вынайсці новыя лекі, дзесьці кіраўніцтва краіны ездзіць на роварах на працу і лятае эканомкласам на самалётах. Але гэта дзесьці там, на гнілым захадзе. Побач, у суседняй краіне, нягледзячы на колькасць аўтамабіляў, час спыніўся. У Расею прыехаў Кім Чэн Ын. На бронецягніку. Адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў, якому 80 гадоў, узгадаў, што калісьці такі бронецягнік прыязджаў з дзедам, потым з бацькам, цяпер – з унукам. Такое адчуванне, што час спыніўся – і нібыта не была Расея ніколі ў кампаніі вялікай васьмёркі. Усё самае горшае ад Савецкага Cаюза вяртаецца на бронецягніку. Хаця што чакаць ад краіны, якая дагэтуль выстаўляе на ўсеагульны паказ труп пачатку ХХ стагоддзя.

Скажы мне, хто твой сябар і я скажу табе, хто ты. Так адрэагавалі інтэрнэт-карыстальнікі на паведамленне пра тое, што Кім Чэн Ын на бронецягніку прыехаў у Расею. Між іншым, там яго сустрэлі дзяўчыны ў строях з караваем. А калісьці яны, відаць, сустракалі еўрапейскіх лідараў. Аднак пасля анексіі Крыма і вайны ва Украіне чакаць еўрапейскіх лідараў у Маскве не даводзіцца. Ды і не ездзілі тыя на бронецягніку. Еўрапейскія і амерыканскія лідары, нягледзячы на крытыку свайго электарату, не баяцца лятаць разам з народам. А тут – народны ўлюбёнец – і на цягніку. Усё-такі любяць сябе паўночнакарэйскія лідары. Сапраўды, ад гэтых самалётаў і людзей можна шмат чаго непрадказальнага чакаць. Кіраўнікам КНДР і Расеі будзе пра што паразмаўляць. Як напісаў адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў, “сустрэліся дзве адзіноты, ізгоі”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ