Станіслаў Багданкевіч: Даляр і еўра пойдуць уверх
Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў сітуацыю на валютным рынку краіны.
25 красавіка на таргах даляр працягнуў умацоўвацца другі дзень запар і дасягнуў 2,1105 рублі за даляр. А вось за апошнія трынаццаць таргоў курс даляра абваліўся на на 0,0544 рублі.
Курс еўра дадаў 0,0020 рубля до 2,3515 рублі за еўра. Еўрапейская валюта зараз знаходзіцца практычна на мінімуме за восем месяцаў.
Cтаніслаў Багданкевіч: Апошнім часам рэзка падскочыла цана на нафту на сусветным рынку, і, суадносна, умацаваўся расейскі рубель. Паколькі наша нацыянальная валюта прывязана да расейскага рубля, то гэта азначала аўтаматычнае ўмацаванне і беларускага рубля.
РР: Чаму цэны на нафту пачалі расці?
Станіслаў Багданкевіч: Злучаныя Штаты Амерыкі забаранілі пад пагрозай санкцый купляць іранскую нафту, але для некалькіх краін зрабілі выключэнне. А зараз і для іх іранская нафта ўжо аказалася пад забаронай, на што нафтавы рынак адразу і адрэагаваў. І гэта станоўчым чынам адбілася на беларускім рублі.
РР: Ці можна спрагназаваць, як далей будзе развівацца сітуацыя?
Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што аслабленне даляра і еўра было часовым, і сёняшнія таргі гэта пацвярджаюць. У больш доўгатэрміновай перспектыве, мяркую, беларускі рубель будзе павольна дэвальвавацца. Таму зараз, калі з-за знешніх фактараў даляр і еўра падалі, лепш за ўсё было купляць валюту.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя