Расея прызнала праблему з якасцю нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь
Віцэ-прэм`ер урада РФ Дзмітрый Казак правядзе 25 красавіка сустрэчу з паслом Беларусі ў Маскве Уладзімірам Сямашкам і кіраўніком „Белнафтахіма” Андрэем Рыбаковым, на якой, у прыватнасці, будзе абмеркаваная якасць пастаўленай расейскай нафты. Пра гэта паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік Казака Ілья Джус.
„У Казака перыядычна праходзяць сустрэчы з Уладзімірам Сямашкам, сёння ў яго запланаваная такая сустрэча. З беларускага боку ўдзел возьме таксама кіраўнік „Белнафтахіма” спадар Рыбакоў. Будуць закранацца наяўныя пытанні ў нафтагазавай сферы, у тым ліку і пытанне якасці расійскай нафты”, — цытуе прадстаўніка Казака агенцтва RNS.
„Такая праблема існуе, яна мае тэхнічны характар і найбліжэйшым часам будзе вырашаная. Увесь аб`ём неабходных дзеянняў рэалізуецца расейскім бокам. Я мяркую, што гэтая тэма стане прадметам абмеркавання”, — дадаў Джус.
19 красавіка кіраўніцтва канцэрна „Белнафтахім” паведаміла, што ўжо некалькі дзён з Расеі па нафтаправодзе „Дружба” паступае няякасная нафта. 22 красавіка стала вядома, што з-за расейскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне.
23 красавіка намеснік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб паведаміў журналістам, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі. У той жа дзень у Маскве адбыліся перамовы старшыні канцэрна „Белнафтахім” Андрэя Рыбакова з кіраўніцтвам кампаніі „Транснефць”. Іх вынікі бакі не каментуюць, аднак дзяржаўны тэлеканал „Беларусь 1” 24 красавіка паведаміў, што перамовы „не прынеслі ніякіх выразных адказаў з расейскага боку”.
Вечарам 24 красавіка аператар польскага ўчастка трубаправода „Дружба” — кампанія PERN S.A. афіцыйна заявіў аб тым, што спыняе прыём расейскай нафты. 25 красавіка стала вядома аб аналагічных мерах з боку Германіі і Чэхіі.
24 красавіка наваполацкі завод „Нафтан” пачаў прымаць чыстую нафту з Расеі па нафтаправодзе Сургут — Полацк, паведаміў БелаПАН дырэктар ААТ „Полацктранснафта Дружба” Васіль Дробатаў. На Мазырскі НПЗ па-ранейшаму паступае нафта з павышаным утрыманнем хлорарганікі.
Сітуацыя на беларускіх прадпрыемствах ацэньваецца як складаная. Беларусь нясе відавочныя страты — экспарт нафты і нафтапрадуктаў прыпынены, заводы працуюць на палову магутнасці. Згодна з папярэднімі ацэнкамі, агульны ўрон ужо перавышае сотні мільёнаў даляраў.
Спецыялісты адзначаюць, што поўнамаштабную тэхнагенную аварыю пакуль удаецца прадухіліць дзякуючы экстранным мерам, але сурагат настолькі таксічны, што раз`ядае ўнутраную сталёвую паверхню магістральных труб, пашкоджвае дарагое абсталяванне на НПЗ, а ў выпадку прарыву сістэмы пагражае экалагічнай катастрофай.
belapan.by