Перамовы пра якасць расейскай нафты пройдуць у Менску ў чатырохбаковым фармаце
Беларускі бок запрасіў на перамовы пра якасць расейскай нафты, правядзенне якіх запланавана ў Менску 26 красавіка, прадстаўнікоў трох кампаній, якія транспартуюць нафту: расейскую „Транснефць”, украінскую — „Укртранснафта” і польскую — PERN S.A. Гэта вынікае з паведамлення на сайце „Укртранснафты”.
„Адпаведны ліст беларуская кампанія („Гомельтранснафта Дружба”. — БелаПАН.) накіравала на імя кіраўніка расейскага ААТ „Транснефць”, польскага PERN SA і генеральнага дырэктара АТ „Укртранснафта” Мікалая Гаўрыленкі. Падчас сустрэчы бакі плануюць абмеркаваць магчымыя шляхі вырашэння праблемы”, — гаворыцца ў рэлізе.
Правядзенне ў Менску перамоў анансаваў на брыфінгу ў Менску 25 красавіка намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў.
Страты Беларусі ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў склалі 100 млн даляраў, паведаміў сёння Сізоў. „На сённяшні дзень НПЗ працуюць на загрузцы каля 50% ад узроўню да пастаўкі нафты з пагоршанымі характарыстыкамі. Мы цяпер ацэньваем страты, якія атрымаем у красавіку. Сёння яны складаюць каля 100 млн долараў у выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў”, — сказаў ён.
belapan.by