Рэальны памер пенсій у сакавіку знізіўся на 0,4%
У сакавіку 2019 года ў параўнанні з лютым рэальны памер пенсій (з улікам інфляцыі) знізіўся на 0,4%, за апошнія 12 месяцаў — вырас на 14,6%, сведчаць дадзеныя Белстата.
Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў сакавіку ў параўнанні з лютым не змяніўся — 393,5 рубля.
У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў сакавіку 2019 года на ўліку стаяла 2 млн 557,5 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 381,8 рубля (на ўзроўні лютага), што ў 2,3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва і роўна 36,1% сярэдняга заробку.
Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 348,1 рубля (не змяніўся), у сувязі са стратай карміцеля — 262,5 рубля (не змяніўся), сацыяльнай пенсіі — 201,2 рубля (не змяніўся).
1 жніўня 2018 года працоўныя пенсіі былі павышаны на 10%, 1 лістапада — на 5,3%.
Як паведамлялася, 1 траўня 2019 года працоўныя пенсіі павышаюцца на 6,5%. Адпаведны ўказ падпісаў 23 красавіка Аляксандр Лукашэнка. Пераразлік працоўных пенсій будзе зроблены ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў. Фінансаванне расходаў на рэалізацыю ўказа будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка са штогадовым пасланнем народу і парламенту, даручыў падрыхтаваць рашэнне аб павышэнні пенсій сёлета. Ён нагадаў, што ў 2018-м пенсія павышалася двойчы. „Яе рост павінен быць і ў гэтым годзе. Даручаю ўраду, не адкладваючы, падрыхтаваць праекты неабходных рашэнняў. Сацыяльна гарантаваны ўзровень суадносін пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы павінен імкнуцца да 50%, але не ніжэй за 40%, як гэта прынята ва ўсім свеце”, — сказаў афіцыйныя лідар.
Пры гэтым ён адзначыў, што пенсіянеры часам ідуць на пенсію „ў добрым здароўі з актыўнай творчай працы”. „Трэба даць ім магчымасць працаваць. Няхай працуюць. Таленавітыя, здольныя людзі, законапаслухмяныя. Чалавек да 75 гадоў і нават 80 у здаровым розуме і можа нядрэнна працаваць. Трэба стварыць ім умовы, і менш будзе скаргаў”, — лічыць Лукашэнка.
belapan.by