Чаму прафсаюзы адмовіліся ад мітынга 1 траўня?



Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў, што незалежныя прафсаюзы не выйдуць з акцыяй 1 траўня.

Генадзь Фядыніч: Мы планавалі выйсці на вуліцу 1 траўня, але, калі разглядалі гэтае пытанне на савеце Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў, то там прынялі рашэнне не ладзіць ніякія мерапрыемствы ў гэты дзень. І я не разумею такога падыходу. На незалежныя прафсаюзы апошнім часам ідзе сур’ёзна накат, а мы не здольны гучна пра гэта заявіць? Не здольны вывесці людзей на вуліцу? Некаторыя, відаць, думаюць, што хмара сама пройдзе, і сонейка з’явіцца. Не з’явіцца. Трэба ўладам нагадваць пра праблемы, толькі такім чынам можна нечага дабіцца.

РР: Можа быць, няма грошай, каб аплочваць паслугі міліцыі за ахову парадку на акцыі?

Генадзь Фядыніч: Можа быць, і гэта, але ў першую чаргу трэба казаць пра гатоўнасць правесці мітынг. Я думаю, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў трохі напалохаўся, што шмат людзей выйшлі з нелалежных прафсаюзаў, але ў такім выпадку наадварот трэба рабіць нейкія захады па падвышэнні актыўнасці. Але зараз адбываецца нешта незразумелае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя