„Чарнобыльскі шлях” у несанкцыянаваным фармаце
На „Чарнобыльскі шлях” у Менску прыйшла і 72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская. Яе ўжо дзясяткі разоў затрымлівалі, трымалі ў пастарунках і штрафавалі. Аднак яна ўпарта ходзіць на апазіцыйныя акцыя. „Рэпрэсіі мы перажывём, а вось пра Чарнобыль трэба памятаць,” — кажа жанчына.
– Нельга дапусціць паўтор Чарнобыля – Астравецкую АЭС. Нам яна непатрэбная. Эканамісты ўсё падлічылі, аказалася, яна нам невыгадная. Не будзе збыту энергіі. Я ў гэтым не спецыяліст, але я веру, што ўсё састарэлае, што нам Масква спіхвае як у калонію, тое не будзе доўга працаваць. Каб не паўтарылася Чарнобыльская аварыя, перадусім, трэба хадзіць кожны год… Так было з 1997-га года, калі нас пачалі разганяць брутальна.
Але па словах Ніны Багінскай, яна верыць, што нягледзячы ні на разгоны, ні на затрыманні, „Чарнобыльскі шлях” будзе працягвацца.
***
Я лічу сваім абавязкам у дзень 33-й гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прайсці традыцыйным „Чарнобыльскім шляхам”, дазволены ён ці не, — кажа кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які ўдзельнічаў у „Чарнобыльскім шляху” ў Менску. Хаця заяўнікі мерапрыемства адазвалі сваю заяўку, дзясяткі грамадзянаў выйшлі, каб паўдзельнічаць у гэтым традыцыйным мерапрыемстве.
„Такім чынам, мы хочам паказаць, што мы помятаем аб гэтай катастрофе і яе наступствах,” — падкрэсліў Мікалай Казлоў.
– Мы абураныя дзеяннем улады, якая, мала таго, што нічога не робіць, каб палегчыць тыя наступствы, якія адбыліся пасля Чарнобыля, але і не дае нават адпаведна правесці гэты дзень. Столькі гадоў заўсёды давалі дазвол, а зараз абклалі гэтай фінансавай удаўкай, і мы не маем магчымасці сабрацца ў тым фармаце, у якім мы звыклі гэта бачыць. І гэта ганьба – і Лукашэнку, і ўсёй яго бандзе!
Канешне, могуць быць затрыманні, суды, штрафы і нават арышты, — кажа Мікола Казлоў. — Але ж мы павінна паказаць, што будзем выходзіць на вуліцы, што б гэтыя ўлады не рабілі. Таму што гэта наш абавязак — памятаць і спрабаваць змяніць жыццё ў краіне да лепшага, — сказаў палітык.
***
Для Беларусі вельмі важна нагадваць аб катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. У гэтым годзе споўнілася ўжо 33 годы з моманту гэтай трагедыі, — нагадвае палітык, сябра Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Ён прыйшоў да будынку прэзідыуму Акадэміі Навук, дзе планавалася пачаць сёлетні „Чарнобыльскі шлях”. Аднак арганізатары мерапрыемства напярэдадні ў знак пратэсту заявілі аб яго адмене з-за патрабавання ўладаў аплаціць так званыя „паслугі” міліцыі па ахове мерапрыемства.
– На вялікі жаль, мы дакаціліся да таго, што страх улады перад вулічнымі акцыямі, перад беларусамі, прывёў да таго, што традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху», з якім усе звыкліся, практычна няма. Але людзі сабраліся і вось па патрабаваннях міліцыі яны зараз ідуць на вуліцу Кахоўскага. Міліцыя запатрабавала і мы арганізвалі тое шэсце, якое вы зараз бачыце.
Сярод сабарўшыхся каля Акадэміі Навук былі сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова (адна з аўтараў адазванай пазней заяўкі), кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня Руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая, лідар Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч, намеснк старшыні беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук і яшчэ дзясткі людзей.
Фота nn.by
Яны дайшлі да парку Дружбы Народаў, дзе перад прысутнымі выступілі Вячаслаў Сіўчык і Вольга Кавалькова.
***
Нягледзячы на адмову арганізатараў ад правядзення „Чарнобыльскага шляху” ў Менску, некалькі дзясяткаў чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі прыйшлі да Акадэміі Навук.
Па словах намесніка старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Змітра Кучука, людзі самі вырашылі, што „Чарнобыльскаму шляху-2019” быць.
– Акцыя ёсць, ужо праходзіць. І хачу сказаць, што людзі, ведаючы, што гэта несанцыянаваная акцыя, усё адно прыйшлі. Тыя людзі, якія гатовыя пратэставаць, яны як раз сёння тут.
Аднак хутка ўмяшалася міліцыі і пачала папярэджваць аб незаконнасці правядзення мерапрыемства.
– Арганізатары адмовіліся ад правядзення «Чарнобыльскага шляху». Збор на пляцоўцы ля Акадэміі Навук, а таксама шэсце і мітынг у парк Дружбы народаў – забароненыя. Яны з’яўляюцца несанкцыянаваным мерапрыемствам. Просьба скіравацца да месца афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскі сквер. У выпадку невыканання нашых патрабаванняў вы будзеце прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Удзельнікі „Чарнобыльскага шляху” так і зрабілі, як казала міліцыя. Яны пад бел-чырвона-белымі сцягамі і з плакатамі накіраваліся па вуліцы Сурганава ў бок Кіеўскага скверу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org