У Польшчы памёр Караль Мадзэлеўскі



У Польшчы на 82-м годзе жыцця памёр дысідэнт і сузаснавальнік незалежнага антыкамуністычнага прафсаюзу „Салідарнасць” Караль Мадзэлеўскі, паведамляюць польскія СМІ.

Мадзэлеўскі нарадзіўся ў Маскве ў 1937 годзе, але яшчэ ў раннім узросце яго ўсынавіла сям’я ўплывовага чыноўніка кампартыі і будучага міністра замежных спраў з Польшчы Зыгмунта Мадзэлеўскага. Сапраўднага бацьку дысідэнта рэпрэсавалі. Мадзэлеўскі скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе пазнаёміўся з іншым сузаснавальнікам „Салідарнасць” Яцэкам Куранем. У сакавіку 1968 году быў адным з ініцыятараў студэнцкіх пратэстаў у Польшчы. У 1980 годзе далучыўся да страйкавага руху, быў аўтарам назвы, адным з ідэолагаў і стваральнікаў прафсаюзу „Салідарнасць”.

За ўдзел у пратэстах і забастоўках некалькі разоў трапляў у турму – усяго ён там правёў 8 з паловай гадоў. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і спробе звяржэння палітычнага ладу. Караль Мадзэлеўскі таксама займаўся навуковай дзейнасцю і спецыялізаваўся на вывучэнні ранняга Сярэднявечча.