Акцыя памяці айца Вінцэнта Гадлеўскага
24 снежня 1942 года нацысты закатавалі святара – пробашча менскага касцёла святых Сымона і Алены, інспектара беларускіх школаў, лідара Беларускага нацыянальнага супраціву. Група менчукоў прыехала ў Трасцянец на месца смерці айца Вінцэнта Гадлеўскага, каб ушанаваць яго памяць.
Кажа намеснік старшыні Руха Салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў:
– Айцец Вінцэнт Гадлеўскі – пакутнік за нашую незалежную Беларусь, за лепшую будучыню. Ён быў з тых змагароў, якія стаялі на пачатку адраджэння БНР. Ён уваходзіў у склад кіраўніцтва БНР. Падчас ІІ Сусветнай вайны быў каардынатарам Беларускага супраціву за незалежную Беларусь супраць нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Ён марыў адбудаваць Беларускую нацыянальную дзяржаву.
Удзельніца акцыі Ніна Багінская заклікае ўсіх людзей да ўшанавання памяці айца Вінцэнта:
– Хутка, у 2018 годзе, споўніцца 130 год з дня нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага. Мы мусім годна адзначыць гэты юбілей: трэба выдаць марку, манету, выдаць кнігу пра гэтага выдатнага нацыянальнага дзеяча. Бо ніхто так як ён не клапаціўся, каб тут панавала наша беларуская школа, наша мова. Я прашу ўсіх свядомых людзей далучыцца да ўшанавання імя Гадлеўскага.
Удзельнікі мерапрыемства зазначылі, што сучасная ўлада нічога не робіць для таго, каб ушанаваць памяць нацыянальнага героя і ўвесь час чыніць нейкія перашкоды. Сёлета дарога да месца пахавання была засыпана пяском і смеццем.
[Not a valid template]
Адам Завáльня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара