СМІ: Затрыманы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын. Пра гэта паведамляюць некаторыя СМІ і тэлеграм-каналы.
Уцюрын нібыта затрыманы Камітэтам дзяржаўнай бяспекі паводле падазрэння ў атрыманні хабару.
У КДБ гэтую інфармацыю не каметуюць. „Без каментароў”, — сказаў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік камітэта Андрэй Яраш.
У прыёмнай Савета бяспекі ад каментароў таксама адмовіліся.
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 годзе скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 годзе — Акадэмію МУС Беларусі.
З 1992 па 1995 гады займаў розныя пасады ў сістэме органаў унутраных спраў Беларусі, пазней — у службе бяспекі прэзідэнта. З 2007 па 2014 гады ўзначальваў службу бяспекі прэзідэнта.
У 2014 годзе быў прызначаны намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі.
Узнагароджаны медалём „За бездакорную службу” III і II ступеняў, ордэнам „За службу Радзіме” III ступені.