Берасцейскія ўлады забаранілі 1 мая мітынг супраць завода АКБ



Берасцейскі гарвыканкам забараніў правядзенне 1 мая мітынгу супраць акумулятарнага завода. Ён намячаўся на пляцоўцы каля сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай як пастаяннае месца для масавых мерапрыемстваў.

На сайце гарвыканкама 29 красавіка было размешчана паведамленне пра тое, што „сёння ў сацыяльных сетках і на медыяпрасторы горада Берасця з’явілася інфармацыя пра тое, што берасцейскія актывісты рыхтуюць мітынг супраць завода АКБ у сувязі з тым, што ад мясцовых органаў улады пярэчанняў не паступала. Паведамляем , што гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці”.

Гарвыканкам таксама праінфармаваў, што 26 красавіка заяўнікам мітынгу „Берасцейцы супраць свінцу” быў дадзены і адпраўлены па пошце адказ, у якім паведамлялася, што правядзенне 1 мая мітынгу не дапускаецца ў сувязі з правядзеннем ва ўказаным месцы запланаванага раней мерапрыемства (прысвечана Святу працы і 115- годдзю прафсаюзнага руху ў Беларусі).

„Сёння ў другой палове дня мы былі ў гарвыканкаме і прапанавалі дазволіць на гэтай пляцоўцы наш мітынг 1 мая, але ў іншы час. У гэтым было адмоўлена, — паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі праваабаронца Раман Кісляк. — Мы заявілі чыноўнікам, што адказ на наша апавяшчэнне аб правядзенні мітынгу, а яно было пададзена ў Берасцейскі гарвыканкам 19 красавіка, адпраўлены занадта позна. У адпаведнасці з заканадаўствам мы павінны атрымаць адказ не пазней чым за пяць дзён да акцыі”.

Пры гэтым Кісляк падкрэсліў, што раніцай 29 красавіка адпраўлены па пошце адказ заяўнікам мітынгу яшчэ не прыйшоў. Таму актывісты пачалі рыхтавацца да гэтай акцыі.

„Мітынг улады забаранілі, і мы не будзем яго праводзіць. Такія адмовы са спасылкай на раней запланаваныя мерапрыемствы мы атрымлівалі і раней. Чыноўнікі па-ранейшаму не хочуць дапусціць публічнага пратэсту супраць гэтага завода”, — падкрэсліў Кісляк.

БелаПАН