З’явяцца новыя купюры па 5 і 10 рублёў



Абноўленыя купюры па 5 і 10 рублёў з’явяцца ў абарачэнні ў Беларусі, піша TUT.by са спасылкай на адпаведную пастанову Нацбанка.

Яшчэ ў верасні 2018-га Нацбанк анансаваў, што у 2019 годзе будуць дадрукаваныя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў, а ў 2020-м з’явяцца новыя купюры па 20 і 50 рублёў. Звязана гэта найперш з фізічным зносам купюраў. 

Аднак гаворка ідзе не проста пра дадрукоўванне старых абтрапаных купюр. Іх выгляд крыху зменіцца, хаця асноўныя малюнкі на пярэднім і адваротным баках, а таксама іх каляровая гама і памер захаваюцца.  Паведамляецца, што выгляд будынкаў на купюрах будзе прыведзены ў адпаведнасць з цяперашнім іх выглядам. Акрамя таго, на адным з бакоў плануецца дапісаць іх назвы. Як вядома, на купюры ў 5 рублёў намаляваная Камянецкая вежа, а на 10-рублёвай — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку.

Таксама з абноўленых грошай, як мяркуецца, знікне рэквізіт „Старшыня праўлення” і подпісу Пятра Пракаповіча. Гэта звязана з тым, што з 2011 года Пракаповіч не з’яўляецца старшынём праўлення Нацбанка.

У каментары журналістам прадстаўнікі Нацбанка не паведамілі, як менавіта будуць выглядаць новыя купюры і ці ўсе запланаваныя змены будуць рэалізаваныя.

Фота TUT.by