Беларускія хакеісты з цяжкасцю адолелі літоўцаў на ЧС па хакеі
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Андрэй Сідарэнка пракаментаваў цяжкую перамогу над Літвой з лікам 4:3 на старце чэмпіянату свету ў першым дывізіёне.
Прапусціўшы на старце дзве шайбы нашы хакеісты намаганнямі Станіслава Лапачука і Сяргея Маляўкі лік зраўнялі, а затым Джэф Плат і Мікіта Феакцістаў прынеслі нашай зборнай перамогу. Са слоў Андрэя Сідарэнкі, матч развіўся не зусім па нашым сцэнары, згодна з якім закідваць першымі павінны былі якраз мы. Замест гэтага дапусцілі памылкі з вядомымі наступствамі. Але добра, што не склалі рукі, яшчэ да першага перапынку выйшлі наперад, а з другога перыяду трывала завалодалі ініцыятывай, праўда, рэалізацыя пакідала жадаць лепшага. Наогул нервовасць, якая часта суправаджае дэбютныя гульні, у нашых дзеяннях адчувалася, – прызнаўся Андрэй Сідарэнка.
З ішых вынікаў гульнявога дня адзначым перамогу зборнай Казахстана, галоўным трэнерам якой з’яўляецца беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Казахі з цяжкасцю адолелі хакеістаў Славеніі – 3: 2. Зборная Украіны прайграла і другі свой паядынак. На гэты раз крыўдзіцелямі „сіне-жоўтых” сталі хакеісты з Польшчы. Украінцы прайгралі з непрыстойным лікам 3:7. У складзе зборнай Польшчы адразу 5 шайбаў закінуў нападнік Дам’ян Капіца з клуба «Краковія».
Сёння ў Нур-султане пройдуць два матчы: Паўднёвая Карэя сустрэнецца са Славеніяй (пачатак у 13.00 па менскім часе), Беларусь згуляе з Вугоршчынай, якая напярэдадні саступіла карэйцам з лікам 1:5. Пачатак матча ў 16.30.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Марат Акімжанаў, IIHF