Гародня: сябрам АГП адмовілі ў правядзенні пікету 1 мая



Адмову ў правядзенні пікету на Дзень працы атрымалі сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Гародні. Чыноўніца Гарадзенскага выканаўчага камітэту Зоя Кулеша патлумачыла прычыну адмовы ў тым, што ў гэты дзень ужо будуць праводзіцца святочныя мерапрыемствы менавіта ў парку Жана Эмануэля Жылібера, але  без партыі-заяўніцы.

Чаму праўладныя арганізацыі могуць адзначаць у парку Дзень працы, а дэмакратычныя – не? Задаецца пытаннем Мікола Салянік, старшыня абласной арганізацыі АГП:

– Адмова чаканая, бо мы ведаем нашу ўладу. Ведаем, як яна працуе, як яна паважае грамадзян Рэспублікі Беларусь. Таму гэта нас не здзівіла. Мы казалі, што не патрабуем нам адным выдзеліць гэтае месца, мы хочам удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Мы – зарэгістраваная партыя, якая існуе некалькі дзясяткаў гадоў.

Як заўважаюць сябры АГП, з пададзеных сёлета заявак на мерапрыемствы ў Гародні, ніводная не была задаволена выканаўчымі ўладамі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня