Ці можа Расея зрабіць беларусам прапанову памяняць пашпарты?
Намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч разважае пра тое, ці можа Крэмль раздаць расейскія пашпарты і беларусам.
Як вядома, Масква спрасціла працэдуру атрымання расейскіх пашпартоў для жыхароў так званых ДНР і ЛНР, а пазней было заяўлена, што разглядаецца пытанне на такіх жа ўмовах раздаваць расейскае грамадзянства ўсім грамадзянам Украіны.
Ці магчымы такі сцэнар і ў Беларусі?
Юрась Лукашэвіч: Вядома, што пакуль пры ўладзе ў Расеі імперскія сілы (а яны там заўсёды былі), то такі варыянт нельга выключаць. Бо расейская ўлада замест таго, каб займацца паляпшэннем жыцця сваіх грамадзян унутры краіны, займаецца незаконным пашырэннем „імперыі”, а таксама захаваннем сваёй улады любымі метадамі. Таму ўсё можа быць.
РР: На ваш погляд, ці захочуць беларусы памяняць свае пашпарты на расейскія?
Юрась Лукашэвіч: Мне падаецца, што большасць не захоча. Так, знойдуцца, безумоўна, і прыхільнікі так званага” рускага свету„, якія ў ва снах бачаць сябе ў Расеі, але пераважная колькасць беларусаў не прамяняюць сваю краіну на іншую. Ды і было б на што мяняць!
Людзі ў нас не ставяцца варожа да Расеі і жадаюць нармальна з суседкай гандляваць, падтрымліваць культурныя сувязі, але жыць жадаюць у сваёй краіне. Беларусы добра разумеюць, што творыцца ў самой Расеі (і алігархія, і крыміналізацыя, і шмат іншага), таму ніхто ў здаровым розуме не пажадае сёння памяняць беларускі пашпарт на расейскі і ўвайсці ў склад Расеі. Хутчэй, наш народ пойдзе за платнымі шэнгенскімі візамі, чым за бясплатным расейскім пашпартам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя