„Наша думка”: Колькі ўрадаў у беларускага народу



У 1920 годзе віленская беларуская газета „Наша думка” (№1) змясціла зацемку „Колькі цяпер урадау у беларускага народу”. У ёй пералічваліся ўсе ўрады і вайсковыя адміністрацыі, што панавалі ці прэтэндавалі на ўладу над Беларуссю ці асобнымі часткамі яе этнічнай тэрыторыі.

Колькі цяпер урадау у беларускага народу

Дванаццаціміліённы беларускі народ цяпер маець гэтакія ўрады:

1) Беларускі ўрад на чале з Вацлавам Ластоўскім, абраны на сэсіі Рады Беларускай рэспублікі ў 1919 годзе. Урад гэты цяпер знаходзіцца ў Коўні і зрабіў саюз з Літвою проціў Польшчы.

2) Камуністычны беларускі ўрад на чале з Аляксандрам Чарвяком. Ён знаходзіцца ў Менску і кіруець Савецкай Беларусьсю (некалькі паветаў Меншчыны).

3) Беларускі Палітычны Камітэт на чале з Адамовічам. Ён цягне за Польшчу і пануець у той частцы Беларусі, якую занялі войскі Балаховіча.

4) У Віленшчыне беларускімі справамі кіруе ўрад Сярэдняй Літвы, у склад якога ўваходзіць і беларускі адраджэнец пан Вацлаў Іваноўскі.

5) У Літоўскай рэспубліцы беларусы маюць свайго міністра.

6) У палавіне Беларусі, далучанай да Маскоўшчыны (часткі Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і іншых губэрніяў) пануе ўлада маскоўскіх камуністаў.

7) У Горадзеншчыне – ўлада польскага ўраду. 

8) У трох беларускіх паветах Віцебшчыны, аддадзеных Масквою Лацьвіі, беларусы падчыняюцца лацьвійскаму ўраду па агульных законах гэтае рэспублікі. 

9) Некаторыя паўдзённыя часткі Беларусі належаць да Савецкай Украіны.

10) У нейтральнай паласе, між расейскай і польскай арміяй, няма ніякага ўраду і справамі кіруюць розныя беларускія камітэты.

Савецка-літоўская і савецка-латвійская граніцы дадзены паводле мірных дагавораў 1920 г. (Фота: jivebelarus.net)

„Наша думка” — штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выходзіла на беларускай мове ў Вільні (24 лютага 1920 — 8 ліпеня 1921). Рэдактар-выдавец Максім Гарэцкі. 

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя