У Берасці падалі заяўкі на 6 мітынгаў супраць завода АКБ



Група актывістаў 2 мая падала ў Берасцейскі гарвыканкам паведамленні пра правядзенне шасці мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, усе мітынгі — па тры 13 і 14 мая — плануюцца на пляцоўцы каля сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Гэта будныя дні, і спадзяюся, што там у гэты час не будзе запланаваных раней мерапрыемстваў, як звычайна адказвае на нашы апавяшчэнні гарвыканкам і на гэтай падставе забараняе акцыі супраць гэтага завода”, — заявіў Кісляк.

Ён адзначыў, што грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 94 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшлі прыкладна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

БелаПАН