Ігара Барысава аштрафавалі на 30 базавых велічыняў
Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (гэта 765 рублёў).
Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску, а менавіта суддзя Юлія Густыр. Нагодай стаў адміністрацыйны пратакол за неаплату паслугаў міліцыі на святкаванні 101-ае гадавіны БНР, якое ладзілася ў Кіеўскім скверы Менску. Барысаў не выключае, што будзе яшчэ адно судовае паседжанне.
– Калі супрацоўнікі міліцыі не падпісваюць той варыянт акта, які мы ім прапаноўваем. Яны нам выставілі суму фактычна няўздымную – у два разы большую. І гэта адна з прычын, чаму мы адмовіліся плаціць. Мяне прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, але акрамя гэтага яшчэ прыйдзецца плаціць за паслугі міліцыі. Бо я не выключаю, што прыйдзецца плаціць пеню, і таксама супрацоўнікі міліцыі ўлічаць, што мы карыстаемся іхнімі сродкамі. За карыстанне іхнімі сродкамі, то бок яшчэ не аплачанымі, мы павінны нейкую частку ім за гэта таксама.
Наконадні такую ж суму штрафу (30 базавых) па тым жа абвінавачванні прысудзілі іншым арганізатарам Дня Волі ў Менску – сустаршыні „Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Вользе Кавальковай, кіраўніку руху „За Свабоду” Юрыю Губарэвічу і старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову. Па словах Барысава, яны не маюць ніякіх мэханізмаў, каб адбіцца ад навязанае дамовы з міліцыяй.
– Мы выстаўлялі прэтэнзію на няякасна прадастаўленыя паслугі. Падчас мерапрыемства былі выкрадзены два сябры дэмакратычных арганізацый – гэта Віталь Рымашэўскі і Зміцер Дашкевіч. Выкрадалі людзі ў цывільным. Другі момант, што падчас мерапрыемства, калі затрымліваліся людзі, немагчыма было знайсці, хто тут старэйшы з супрацоўнікаў міліцыі, каб даў тлумачэнне і зрэагаваў. І трэці момант, датычыўся таго, што супрацоўнікі міліцыі беспадстаўна забаранялі выкарыстоўваць бел-чырвона-белую сімволіку.
У міліцыі ўсе гэтыя прэтэнзіі адмаўляюць. Дадам, што на працэсе па справе Ігара Барысава не было ні сведак, ні міліцыянта, які складаў пратакол, а пра самое складанне пратаколу Барысаву ніхто загадзя не паведаміў.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя