Андрэй Бастунец: Мы паспрабавалі пашырыць прастору свабоднай прэсы



У Менску адкрылася ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава „СМІ ў Беларусі”. У выставачным цэнтры “БелЭкспа” размясцілі свае стэнды больш за 50 суб’ектаў медыйнага поля Беларусі. Сёлета выставу прысвяцілі 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Упершыню ў выставе ўдзельнічае грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Першы свой дзень арганізацыя прысвяціла тэме інфармацыйнай бяспекі Беларусі ў медыясферы.

Па словах старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца, галоўная задача прысутнасці арганізацыі на выставе – гэта даць больш інфармацыі тым людзям, якія раней мала што ведалі пра незалежныя СМІ ў Беларусі.

– Тут спрабавалі пашырыць прастору свабоднай прэсы, і пашырыць на той тэрыторыі, на якой мы раней не працавалі. Я думаю, гэтае пашырэнне будзе большае, чым тыя шэсць квадратных метраў, якія займае наш стэнд, бо людзі чытаюць спецвыпуск „Народнай Волі”, які прысвечаны Дню свабоднай прэсы, які мы разам з „Народнай Воляй” зрабілі. Людзі наведваюць дыскусіі, якія праходзяць падчас працы нашага стэнду.

ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава „СМІ ў Беларусі” праходзіць тры дні. 3 і 4 траўня на пляцоўцы грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адбудуцца сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі буйных незалежных беларускіх СМІ, з юрыстам арганізацыі Алегам Агеевым, дыскусія, брыфінг да Сусветнага дня свабоды прэсы. А таксама будзе арганізаваная сустрэча з журналістам і літаратарам Змітром Бартосікам.

Таццяна Смоткіна