Лукашэнка адкрыў другую ўзлётна-пасадачную паласу ў нацыянальным аэрапорце Мінск



Аляксандр Лукашэнка 3 траўня ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця другой узлётна-пасадачнай паласы ў нацыянальным аэрапорце Мінск, паведамляе прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый.

Працягласць новай паласы складае 3.700 метраў, шырыня — 60 метраў.

Як адзначылі ў прэс-службе Мінтранса, „будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы было рэалізавана сіламі беларускіх будаўнічых арганізацый, без прыцягнення замежных фінансавых сродкаў”.

„Рэалізацыя гэтага інвестыцыйнага праекта забяспечыла магчымасць ажыццяўлення міжнародных палётаў паветраных суднаў усіх тыпаў у (з) нацыянальны аэрапорт Мінск без абмежаванняў у складаных метэаралагічных умовах”, — гаворыцца ў паведамленні.

28 сакавіка, падчас сустрэчы з журналістамі, міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка адзначыў, што магчымасць прымаць усе тыпы паветраных суднаў надасць пэўны імпульс у развіццё нацыянальнага аэрапорта. „За апошнія тры-чатыры гады ў нас пасажырапаток вырас фактычна ў 2,8 разу. Сёння імкнецца да пяці мільёнаў пасажыраў. Пры такой дынаміцы (10-15%) я думаю, што мы павінны імкнуцца да 10 мільёнаў пасажыраў”, — сказаў Аўраменка.

Першапачаткова праект другой узлётна-пасадачнай паласы планавалася рэалізаваць сумесна з кітайскай кампаніяй „Точмаш”. Кошт трох яго складнікаў — рэканструкцыі дзейнага тэрмінала, будаўніцтва новага тэрмінала і ўзлётна-пасадачнай паласы — кітайскі бок ацаніў прыкладна ў 600 млн долараў. Аднак беларускі бок ацаніў праект не больш чым у 300 млн долараў, і ён не быў рэалізаваны.

У сакавіку 2015 года быў падпісаны ўказ кіраўніка краіны аб будаўніцтве ўзлётна-пасадачнай паласы з аб’ектамі дапаможнага прызначэння. Паведамлялася, што праект будзе рэалізаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі, пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Мінтранса, уласных сродкаў РУП „Нацыянальны аэрапорт Мінск”, крэдытных рэсурсаў банкаў і іншых крыніц.

belapan.by