Дзмітрый Гардон: Націск на Лукашэнку з боку Расеі зашкальвае



Націск на Аляксандра Лукашэнку з боку Расеі зашкальвае, і ён вымушаны манеўраваць. Такое меркаванне выказаў украінскі эксперт Дзмітрый Гардон, каментуючы замену пасла РФ у Менску. 

„Націск на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку зашкальвае цяпер. Бабіч — фігура адыёзная, яго ж ва Украіну сваталі. Таму так, Лукашэнка манеўруе”, — заявіў Гардон у эфіры канала „112 Украіна”. 

„У Беларусі ідуць вельмі складаныя працэсы, — адзначыў ён. — Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін] думае, як яму быць выбраным у 24-м годзе. Трэці тэрмін ужо не свеціць, таму яму паліттэхнолагі намалявалі перспектыву ўзначаліць Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі. Для гэтага трэба паглынуць Беларусь”. 

„Ну ўсё тое нядрэнна, але „бацька” супраць. І, наколькі я ведаю, і беларусы супраць, яны не хочуць быць дзяржавай расейскай, яны не хочуць ісці служыць у гарачыя пункты, яны не хочуць моцна адчуць на сабе рускі свет”, — падкрэсліў эксперт. 

30 красавіка ўказам прэзідэнта РФ пасол у Беларусі Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад пасады „ў сувязі з пераходам на іншую працу”. Яго месца заняў член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Дзмітрый Мезенцаў. У Менску Бабіч працаваў крыху больш за восем месяцаў. У сакавіку і красавіку Бабіч і беларускае МЗС абменьваліся рэзкімі выпадамі ў сувязі з рознымі падыходамі да публічнай ацэнкі двухбаковых адносін. 

Расейская газета „Коммерсант” адзначала, што Бабіч „у цэлым выбраў неўласцівую для расейскіх дыпламатаў лінію паводзінаў”, „шмат і рэгулярна ездзіў па Беларусі, наведваў мясцовыя прадпрыемствы, меў зносіны з бізнесам і сустракаўся з беларускай апазіцыяй”. Такая актыўнасць „відавочна не падабалася ўладам краіны знаходжання”. 

belapan.by