«Час» Міколы Хоміча выйшаў па-беларуску



Кнігу-раман сучаснага ўкраінскага пісьменніка Міколы Хоміча ў перакладзе на беларускую выдалі сябры гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Назва рамана – „Час”.

Кніга неўзабаве будзе прэзентавана ў Гародні ды іншых месцах Беларусі. Гэта другая кніжка з серыі бібліятэчкі альманаха „Новы Замак” гэтага творчага саюза. Кніга дае мажлівасць чытачу збоку паглядзець на падзеі пачатку ХХІ стагоддзя, якія адбываюцца ва Украіне. Кажа перакладчык Валянцін Дубатоўка:

Нам цікава было б паглядзець на тыя падзеі чалавекам не зусім зацікаўленым, які не ўдзельнічае ў рэвалюцыі, а проста погляд збоку, як любіць усё нашае беларускае грамадства за падзеямі назіраць. Менавіта вось тут вельмі падобны погляд збоку на ўсе гэтыя падзеі, якія адбываліся, і прапушчаныя праз чалавека, як ён гэта ўспрымае. Мы прыпыніліся менавіта на рамане Хоміча, бо ён адлюстроўвае больш беларускае, нават прозвішча аўтара вельмі беларускае.

Раман расказвае, што найкаштоўнейшым у чалавечым жыцці ёсць час. Твор мае быць прэзентаваны беларускаму чытачу ўжо праз тыдзень: 14 і 15 траўня з удзелам аўтара Міколы Хоміча. Кнігу ўдалося выдаць дзякуючы фінансавай падтрымцы ганаровага консула Украіны ў Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара