Барыс Хамайда: Буду стаяць да перамогі!



Віцебскі распаўсюднік незалежных СМІ ўжо больш як 20 гадоў мае ў цэнтры горада ўласнае “працоўнае” месца. Штодня, апроч выходных, ён выходзіць да дома №28 па вуліцы Леніна, расчыняе бел-чырвона-белы парасон і раскладае на століку газеты і часопісы.

Толькі за апошнія паўтара месяцы яго тройчы затрымлівала міліцыя, апошняе затрыманне адбылося тры дні таму, кажа Барыс Хамайда:

– Я стаяў, як звычайна. Але выскачыла кіраўнічка крамы “Веста”, пачала крычаць, што гэтае месца здадзена ў арэнду і што я не павінны тут стаяць. Выклікала міліцыю, яны прапанавалі мне сысці, я адмовіўся, тады яны сказалі: “Паедзем у пастарунак”. Гадзіну там пратрымалі, склалі пратакол, нібыта я загрувашчваў вуліцу і перашкаджаў мінакам праходзіць па ходніках.

Такія правіны мусіць разбіраць адміністрацыйная камісія райвыканкама, за іх звычайна штрафуюць, аднак Барыса Хамайду нікуды не выклікалі. Зрэшты, распаўсюднік мае досвед і больш сур’ёзных пакаранняў:

– Раней складалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне. І суткі я сядзеў, і штрафаў было шмат. Апошні раз такое было ў 2014-м годзе, а потым мяне ўвогуле не чапалі, я стаяў спакойна… А ўсё пачыналася ў 1997-м годзе. Мяне, безумоўна, спрабавалі неяк выжываць, але нічога ў іх не атрымалася. Я кажу: гэта мой кавалак зямлі, у свіо час было прынята рашэнне, і – да перамогі!

Сёння Барыс Хамайда на сваім працоўным месцы адзначаў Міжнародны дзень свабоды прэсы: раздаваў віцебскім мінакам спецвыпуск газеты “Народная воля”, што выйшаў якраз да гэтай даты.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота аўтаркі