Чаму Лукашэнка не паедзе ў Брусель?
Палітык Павел Знавец распавёў, чаму беларускі кіраўнік прыняў рашэнне не ехаць у сталіцу Еўразвяза.
Удзел Аляксандра Лукашэнкі ў мерапрыемствах, прысвечаных 10-годдзю Усходняга партнёрства, якія пройдуць у Бруселі 13 траўня, не плануецца, паведамілі TUT.BY у прэс-службе МЗС Беларусі і ўдакладнілі, што кіраўнік дзяржавы даручыў міністру замежных спраў прадстаўляць на іх нашу краіну.
Еўразвяз запрасіў Аляксандра Лукашэнку на вячэру ў Брусель 13 траўня, каб адзначыць дзясятую гадавіну Усходняга партнёрства. У 2017 годзе на саміт Усходняга партнёрства, куды паклікалі кіраўніка Беларусі, таксама паехаў Уладзімір Макей.
Павел Знавец: На мой погляд, Лукашэнка з задавальненнем накіраваўся б у сталіцу ЕЗ, але, магчыма, на мерапрыемствах не будзе досыць прадстаўнічых дэлегацый, і не ўсе кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў паедуць туды, пра што знешнепалітычнае ведамства і паведаміла беларускаму кіраўніку. У такой сітуацыі, відаць, Лукашэнка вырашыў лішні раз не дражніць гусей, то бок, Крэмль.
РР: Беларуская ўлада азіраецца на Маскву падчас збліжэння з Захадам?
Павел Знавец: Гэта абсалютна відавочна, як відавочна і тое, што Расея раўніва сочыць за кантактамі паміж афіцыйным Менскам і Бруселем. Масква раз-пораз дае зразумець, што паход на Захад можа закончыцца для беларускай улады дрэнным чынам, і, да таго ж, імперскія планы “паглыбленай інтэграцыі” ў Крамлі ніхто не адмяняў.
Таму Лукашэнку даводзіцца чарговы раз сядзець на расцяжцы, балансуючы паміж Усходам і Захадам, хаця, яшчэ раз падкрэсліваю, пры іншым раскладзе і пры іншай сітуацыі беларускі кіраўнік з вялікім задавальненнем адправіўся б у Брусель, куды яго наогул доўгі час не пускалі. Але зараз праз паездку ў сталіцу Еўразвяза ў афіцыйнага Менска могуць з’явіцца новыя праблемы, якія Расея стварае ў апошні час з перыядычным пастаянствам. З такімі сябрамі і ворагаў не трэба.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя