У Беларусі зноў выраслі цэны на аўтамабільнае паліва
Дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім” абвясціў пра чарговае павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва. Падаражанне стала адзінаццатым з пачатку года.
„Па стане на 4 мая з пачатку 2019 года цана расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырасла на 18,9%, а раздробныя цэны на маторнае паліва — у сярэднім на 6,5%. У адпаведнасці з прынятай канцэрнам палітыкай стрымлівання цэн раздробныя цэны на АЗС з 5 мая павялічваюцца на 1 капейку”, — гаворыцца ў паведамленні „Белнафтахіма”.
Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,54 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,65 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,86 рубля, ДТ — 1,65 рубля за літр.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ аўтамабільнае паліва ў Беларусі практычна штотыдзень даражэе другі год. Сёлета „Белнафтахім” ужо дзесяць разоў павысіў цану (кожны раз на капейку) аўтамабільнага паліва.
У Нацыянальным банку прыйшлі да высновы, што найбольш моцны негатыўны ўплыў на дынаміку спажывецкіх цэн у Беларусі робіць рост кошту аўтамабільнага паліва. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрыя Мурына, зробленым ім на пашыраным пасяджэнні праўлення 24 красавіка.
„Гэта звязанае з тым, што гэты тавар не толькі непасрэдна ўваходзіць у склад спажывецкага кошыка (гэта значыць наўпрост уздзейнічае), але і вядзе да павелічэння транспартных выдаткаў ва ўсіх вытворцаў тавараў і паслуг, што, у сваю чаргу, робіць ускосны націск і на свабодныя цэны, гэта значыць на базавую інфляцыю”, — растлумачыў Мурын ў дакладзе, тэкст якога рэгулятар апублікаваў 25 красавіка.
„Акрамя таго, працяглае „капеечнае” павышэнне цэн фармуе ў спажыўца ўстойлівыя чаканні, што цэны пастаянна будуць расці. Высокая неаднастайнасць росту цэн на тавары і паслугі, а таксама тэмпы росту рэгуляваных цэн, стабільна перавышаюць заяўлены мэтавы ўзровень інфляцыі, абумоўліваюць павышаныя інфляцыйныя чаканні ў суб’ектаў эканамічных адносінаў”, — заўважае начальнік упраўлення.
Згодна з ацэнкамі Міністэрства фінансаў, з-за расейскага падатковага манеўру кошт літра паліва ў Беларусі блізу 2024 года можа вырасці да аднаго еўра (курс еўра цяпер складае 2,36 рубля).