Ксёндз Вячаслаў Барок: Атрымліваецца, закон не для ўсіх?



Пробашча расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча аштрафавалі за парушэнне правілаў бяспекі, бо ў храме не ўсталявана супрацьпажарная сігналізацыя.

Зрабіць гэта за грошы парафіян нерэальна, гаворыць ксёндз Вячаслаў Барок:

-Яна абышлася б нам каля 10 тысяч рублёў. Гэта, канешне, нерэальна. У нядзелю ў касцёл прыходзіць каля 30-ці вернікаў на службу, заробкі ў рэгіёне невялікія, пенсіі таксама. А сігналізацыя – гэта, канешне ж, за кошт парафіі! Атрымліваецца так, што бяспека табе накідваецца, і ў гэтым не праяўляецца клопат дзяржавы пра чалавека. Ствараецца ўражанне, што законы пішуцца дзеля таго, каб яны не выконваліся. І каб плацілі штрафы за тое, што яны не выконваюцца.

Да ўсяго, выглядае на тое, што заканадаўства працуе выбарачна, і яго выкананне абавязковае не для ўсіх.

Ксёндз Вячаслаў Барок прыгадвае, што два тыдні таму ў Гарадоцкім раёне згарэў былы касцёл – помнік драўлянага дойлідства, перададзены праваслаўнай царкве. Ніякай супрацьпажарнай сігналізацыі там не было, і пра гэта ніхто не дбаў, хаця будынак быў прызнаны гістарычнай каштоўнасцю і знаходзіўся пад аховай дзяржавы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя