Фэст з нагоды 500-годдзя каталіцкай парафіі ў Падароску
5 траўня ў мястэчку Падароск Ваўкавыскага раёна адбыўся фэст, прысвечаны 500-годдзю мясцовай каталіцкай парафіі.
У касцёле прайшла ўрачыстая імша з удзелам гарадзенскага біскупа Юзафа Станеўскага, які асвяціў шыльду з нагоды 500-годдзя парафіі.
А пасля імшы ў Падароскім Доме культуры навукоўцы і краязнаўцы сабраліся на навуковую канферэнцыя на тэму “Развіццё хрысціянства на Ваўкавышчыне XIII-XXI стагоддзяў”, арганізатарам якой быў кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук з Варшаўскага ўніверсітэта. У гэты дзень усе прысутныя шмат даведаліся пра хрысціянства лацінскага абраду на Беларусі ад гісторыка Алеся Жлуткі, пра першыя каталіцкія парафіі на Ваўкавышчыне ад кандыдата гістарычных навук Альбіны Семянчук з Гарадзенскага ўніверсітэта, пра хрысціянскія канфесіі ў Падароску ад Генадзя Семянчука, пра касцёльныя архівы Ваўкавыскага дэканату ад Кірыла Сыцько з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, пра хрысціянскія могілкі Падароска ад настаўніка Міхаіла Місько і шмат іншага. Юбілейны фэст у Падароску ўпрыгожыла песнямі бард Таццяна Грыневіч з Менску.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыскі раён
Фота аўтара