Даля Грыбаўскайтэ: Літва не можа весці супрацу з Беларуссю з-за БелАЭС
Літва не можа супрацоўнічаць з Беларуссю з-за будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, паколькі так яна прызнала б законнасць гэтай небяспечнай электрастанцыі і страціла б магчымасць патрабаваць яе закрыцця, заявіла 7 мая журналістам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.
„Любая згода на ўдзел і стварэнне сумесных інстытутаў будзе азначаць легітымацыю Астравецкай АЭС. Гэта азначала б, што мы звязваем свае рукі, і мы не зможам патрабаваць, каб Беларусь закрыла гэтую электрастанцыю”, — цытуе Грыбаўскайтэ партал delfi.lt.
Гэта, паводле яе слоў, адносіцца і да прапановы Беларусі дамовіцца пра стварэнне сумеснай сістэмы маніторынгу Астравецкай АЭС, якую станоўча ацаніў прэм’ер-міністр Саўлюс Скверняліс.
„Так, абсалютна. Супраца з Беларуссю ў пытанні па Астраўцу азначала б юрыдычнае прызнанне Астравецкай АЭС і звязванне нам рук”, — заявіла Грыбаўскайтэ. Яна падкрэсліла, што забяспечыць бяспеку Астравецкай АЭС немагчыма.
„Згодна з рашэннем Эспоо, праблема не ў бяспецы электрастанцыі, а ў тым, што выбрана пляцоўка небяспечная. Гэта азначае, што дадзеная электрастанцыя наогул не можа функцыянаваць, і такой павінна быць палітычная мэта Літвы”, — заявіла прэзідэнт Літвы.
Прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс у гутарцы з журналістамі 30 красавіка ў Вільні падтрымаў ідэю правядзення перамоў пра стварэнне сумеснай з Беларуссю сістэмы радыяцыйнага маніторынгу. З ідэяй аднавіць дыялог пра фарміраванне сумеснай групы па аналізу дзейнасці Беларускай АЭС і аб’ектаў, звязаных з закрыццём Ігналінскай АЭС, а таксама пра стварэнне сумеснай сістэмы радыяцыйнага маніторынгу выступіў кіраўнік урада Беларусі Сяргей Румас — у адказе на ліст Скверняліса з прапановай пераабсталяваць БелАЭС, што будуецца, у электрастанцыю на газе.
„Ёсць аптымістычная прапанова пагаварыць пра стварэнне агульнай сістэмы радыяцыйнага кантролю. Думаю, мы скарыстаемся гэтым шанцам, паколькі гаворка ідзе пра бяспеку нашых людзей”, — пракаментаваў адказ беларускага калегі прэм’ер Літвы. Ён адзначыў, што такая сістэма дазволіць афіцыйнай Вільні назіраць за зменамі радыяцыйнага фону ў раёне БелАЭС і магчымымі інцыдэнтамі на атамнай электрастанцыі.
Разам з тым Скверняліс падкрэсліў, што стаўленне Літвы да сітуацыі з будаўніцтвам БелАЭС не змянілася. „Мы прытрымліваемся той жа пазіцыі, што гэта не бяспечны аб’ект. <…> Мы гэтак жа будзем настойваць на ўстараненні недахопаў, выяўленых у ходзе стрэс-тэстаў”, — заявіў ён.
Чыноўнік паведаміў, што найбліжэйшым часам Літва мае намер абмеркаваць з адказнымі органамі Еўрапейскай камісіі пытанні выканання Беларуссю рэкамендацый, дадзеных ёй экспертамі Еўрапейскай групы па рэгуляванні ядзернай бяспекі (ENSREG) па выніках ацэнкі стрэс-тэставання БелАЭС.
Фота: news-front.info