Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка” пройдзе ў Беластоку
Каля 30 хораў выступяць на 38 Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2019». Фестываль пачнецца 15 траўня ў Беластоку. У конкурсных праслухоўваннях і канцэртах возьмуць удзел калектывы з Польшчы, Беларусі, Расеі, Украіны, Грузіі, Эстоніі, Латвіі, Малдовы, Сербіі, Балгарыі, Славакіі, Ганы.
Сённяшні госць Рацыі – дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:
– Мы – людзі свецкія, арганізавалі Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка”, ён заўсёды так называўся. Я яго і прыдумаў для канкрэтнага месца – для Сабора Святой Троіцы ў Гайнаўцы, які тады будаваўся. Бо я працаваў побач дырэктарам Гайнаўскага дома культуры. Ідэяй нашай з самага пачатку было паказаць акрамя духоўнасці яшчэ і мастацкую частку царкоўнай музыкі.
Дарэчы, пачыналі мы ў 1981 годзе. Тады царкоўная музыка, можна сказаць, была ў падполлі. Яна была толькі ў царкве. Хоць я – чалавек свецкі і свецкая ўстанова, якой я кіраваў і якая ўзяла на сябе цяжар гэтай справы. Гэта не вельмі падабалася ўладам. Прыйшлося і адказваць за гэта. Я рады, што да нашага фестывалю далучылася шмат хораў з многіх краін. Да гэтай пары ў фестывалі ўдзельнічала дзесьці каля 900 хораў з 40 краін Еўропы, Азіі, Паўночнай Амерыкі, Афрыкі, Аўстарліі.
Фестываль набыў вядомасць. Сталася так, што і царкоўныя святары пад парасонам мітрапаліта, і нашы лакальныя палітыкі захацелі падчыніць фестываль сабе. Мы сталі перад дылемай – ці падпарадкавацца ці сказаць – не. Мы адмовіліся. І нам прыйшлося заплаціць за гэта. Нас павыкідвалі з працы. І нам не дазволілі праводзіць конкурсную частку фестывалю ў саборы ў Гайнаўцы, для якога я стварыў фестываль і які праславіў. Не быў бы сабор у Гайнаўцы такім вядомым у свеце, каб не наш фестываль. Упершыню гэта пацвердзіў архітэктар, прафесар Грыгаровіч з Познані, які прыехаў і публічна падзякаваў за тое, што праз фестываль ягоная праца стала вядомая ў свеце. Прыйшлося перанесці нам фестываль поўнасцю ў Беласток.
Адкрыццё 38 Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2019», конкурсныя выступленні і гала-канцэрт адбудуцца ў Падляшскай оперы ў Беластоку з 15 па 19 траўня.
А з 13 па 19 траўня адбудуцца суправаджальныя канцэрты ў Варшаве, Беластоку, Гайнаўцы, Белавежы, Міхалове, Красным Ставе, Нараве, Саколах, Легіянове, Орлі, Нараўцы, Бельску Падляшскім, Васількаве, Крынках, Шчучыне, Аўгустове, Мельніку, Цеханаўцы, Дамброве Беластоцкай і Студзянках.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток