Рассельгаснагляд адмяніў татальную забарону на пастаўкі з Беларусі малака налівам



„Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе паведамляе, што пісьмо Рассельгаснагляду ад 4 чэрвеня 2018 года № ФС-КС-7/13391 страціла сілу”, — гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на сайце ведамства.

Адначасова Рассельгаснагляд забараніў увоз малочнай прадукцыі 37 беларускіх прадпрыемстваў. Так, абмежаванні закрануць пастаўкі малака налівам і сухой прадукцыі за выключэннем малочнай сыроваткі са ступенню дэмінералізацыі 90%, вырабленага на пінскім філіяле ААТ „Савушкін прадукт”, малака налівам і сухой прадукцыі „Аршанскага малочнага камбіната” і „Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання”, сухой малочнай прадукцыі ААТ „Малочныя горкі”.

Таксама захаваюцца раней уведзеныя абмежаванні на пастаўку малочнай прадукцыі 29 беларускіх прадпрыемстваў. У іх ліку ААТ „Мілкавіта”, „Шчучынскі масласыразавод”, ААТ „Слуцкі сыраробны камбінат” і іншыя.

4 чэрвеня 2018 года Рассельгаснагляд увёў забарону на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі ў тары ёмістасцю больш за 2,5 літра. „Па выніках праведзенай у Рассельгаснаглядзе нарады і абмеркавання неабходнасці прыняцця мер у сувязі з паступленнем небяспечнай малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расейскую Федэрацыю Рассельгаснагляд да ўрэгулявання сітуацыі з забеспячэннем бяспекі беларускай прадукцыі з 6 чэрвеня 2018 года вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею прадукцыі, у якой выяўлялася найбольшая колькасць парушэнняў: малака і вяршкоў пастэрызаваных, стэрылізаваных і ультрапастэрызаваных налівам; малака і вяршкоў сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных; сыроваткі малочнай наліўной, канцэнтраванай, сухой; канцэнтрату сыроватачнага і малочнага бялку”, — паведаміла ведамства. Прадукцыю аб’ёмам да 2,5 л гэтая забарона не закранула.

БелаПАН