Дым і агонь
Дыму без агню не бывае. Прынамсі так гаворыць старадаўняя мудрасць, вядомая яшчэ з тых дапатопных часоў, калі зямля плавала на трох кітах. Усё далейшае развіццё чалавецтва толькі пацвярджала праўдзівасць гэтых слоў. Не згубілі яны сваю актуальнасць і сёння.
На пачатку пра дым.
У інтэрв’ю радыё “Срэбны дождж” вядомы расейскі журналіст і публіцыст Мікалай Сванідзэ заявіў, што да яго з Менску дайшоў слых, нібыта дзейсны кіраўнік Расійскай Федэрацыі прапанаваў не менш дзейснаму кіраўніку Рэспублікі Беларусь стаць сапраўдным дзейсным прэм’ер-міністрам Расеі ажно на шэсць наступных год. Зразумела, гэта ўсё не проста так, і не за неверагодна высокія гаспадарскія дасягненні дадзенай беларускай кандыдатуры ў галіне эканомікі, ну і зразумела, што не за прыгожыя вочы. Гэтая ўсходняя прапанова мажлівая, маўляў, толькі ў абмен на ўсю Беларусь з усімі яе амаль дзесяці мільёнамі рускамоўнага насельніцтва.
Даведка: Калі хто не ведае, Мікалай Сванідзэ ёсць прадстаўніком яшчэ той старой, на сённяшні дзень ужо не моднай інфармацыйнай школы, у якой проста так языком не мятуць, а ўзважваюць кожнае слова. Таму што маральна-этычныя крытэры і праўдзівасць кожнага зляцелага з вуснаў выказвання лічаць не толькі прафесійнай этыкай, але і жыццёвай неабходнасцю. Таму каму-каму, а Мікалаю Сванідзэ верыць можна.
Ідзём далей. Такога прыніжэння мала якая краіна, і мала які яе начальнік зведалі. Ні кіраўніку Малдовы, ні Узбекістану, ні Казахстану, ну і зразумела, што ні кіраўнікам Украіны, ні былому ні цяперашняму, такія прапановы не паступалі. Ёсць над чым задумацца. А тут вось так проста, па-сваяцку, у прыяцельскім тоне, раз, і пагаварылі.
Дажыліся! Нічога не скажаш.
І што вы думаеце, дуэлі пасля гэтай кінутай пальчаткі не адбылося. Прынамсі ў нашым эстэтычна-арыстакратычным уяўленні пра дуэлі. Хоць можа сённяшнія дуэлі вядуцца па іншых правілах, і вымушанае адкліканне з Беларусі расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча і ёсць “наш адказ Чэмберлену”. Хто яго ведае. Пажывём пабачым.
Гэта было пра дым.
Ну а зараз пра агонь.
Ну вось настолькі расшчодрыўся кіраўнік Расейскай Федэрацыі з прапановамі і падарункамі направа і налева, што нават для шырокай расейскай душы гэта ўжо занадта. Тут крэсла прэм’ера аддае, там для жыхароў некаторых раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей прапаноўвае за “бардзэ дзенькуе” грамадзянства Расейскай Федэрацыі. Выглядае так, што яго ўжо не спыніць у бязмернай шчодрасці.
Якога новага падарунка ад яго чакаць і каму? Можа Нурсултан Назарбаеў і аддаў сваё пажыццёвае права кіраваць Казахстанам, бо па логіцы рэчаў у такой святочнай атмасферы і яго без падарункаў наўрад ці пакінуць. А Нурсултану Абішавічу хіба што не асабліва яны патрэбныя.
Лагічна паўстае пытанне, а навошта такая шчодрасць патрэбная самому расейскаму кіраўніцтву? Бо калі хто думае, што толькі праз саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі расейскі начальнік можа захаваць свой трон, той увогуле не разумее што гэта такое трон расейскі. Калі на яго хто залазіць, то сам злезці ўжо не можа. І аніякія новыя дзяржаўныя ўтварэнні для гэтага зусім не патрэбныя. А вось новыя салдаты Расеі былі патрэбныя заўсёды. Ну калі паваяваць хацелася. А галоўнае заўсёды ёсць з кім паваяваць. Так гістарычна склалася.
Вялікая яна, Расея, толькі не густа населеная. Вось мільён-другі баяздольных чалавек і не пашкодзіць. Асабліва такіх, ужо абстраляных, як з Луганшчыны і Данеччыны, ці такіх з дзяцінства партызан як з Беларусі. Ды што там гаварыць. Усялякія патрэбныя. Расея заўсёды ваявала людзьмі. Лішніх не бывае. Лішнія адсейваюцца самы па сабе на полі бою. Ну а бой заўсёды будзе, калі ёсць лішнія салдаты. Некуды ж іх трэба дзяваць.
Вось вам і дым, вось вам і агонь. Ну а як жа без агню, калі і дровы даўно нарыхтаваныя, і распалка, і запалкі ляжаць на відным месцы. Не прападаць жа дабру.
А там хто рукі нагрэе на гэтым агні, а хто азадак прапаліць, гэта ўжо як каму пашанцуе. Ці не пашанцуе. Кожны думае што ён то патрапіць у першую катэгорыю. Толькі вось гэта далёка не факт.
Віктар Сазонаў