Урачыстае адкрыццё парэнчаў



Усё, цяпер калі я зраблю прыборку дома, то буду гэтую падзею суправаджаць перарэзваннем чырвоных стужак і фанфарамі. Ну, а што? А чаму камусьці можна, а мне не.

У Магілёве дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк урачыста адкрыў новыя поручні ў парку. Парэнчы ўсталявалі металічныя, а таму дэпутат ажно чырвоную стужку перарэзаў з гэтай нагоды. Сапраўды, усталяваць у ХХІ стагоддзі металічныя поручні – гэта яшчэ тое дасягненне. Амаль як для першабытнага чалавека пераход з эпохі неаліту ў бронзавы век. Вось я ўсё думала, для чаго нам патрэбны парламент? Звычайна прадстаўнікі гэтай структуры мусяць законы абмяркоўваць і прымаць. І такім чынам прадстаўляць інтарэсы грамадзян – сваіх выбарцаў. А аказваецца, для таго парламент нам патрэбны, каб ягоныя прадстаўнікі чырвоныя стужкі пераразалі. Няхай надалей існуе дэкрэт аб дармаедах. Бог з ім, з гэтым падаткам на допуск да руху. Падумаеш, не выконваюцца правы на свабоду мірных сходаў. Затое Ігар Марзалюк спуск з новымі парэнчамі ў парку адкрыў. Як гэта яшчэ салют з гэтай нагоды не зладзілі.

А я прапаноўваю цяпер усё адкрываць урачыста. Скончыў поле засейваць – адкрый засеянае поле, перарэзаўшы стужку. Альбо сабраў ураджай кукурузы – урачыста адкрый прыбранае поле. Паставіў новую сметніцу – пераразай чырвоную стужку. Пафарбаваў плот – таксама даставай нажніцы, каб перарэзаць стужку.

Заўжды падавалася, што лампачкі ў пад’ездах, лавы на вуліцах і іншае – гэта абавязак дэпутатаў мясцовых саветаў, работнікаў ЖЭСаў, прыбіральшчыц… Карацей, усіх тых, хто мае дачыненне да ўпарадкавання тэрыторыяў. Аднак зусім ніяк не дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Палатачнікі мусяць законамі займаецца, каб дэкрэты аб дармаедах не з’яўляліся. А ўсталаванне парэнчаў у магілёўскім парку магло б і без урачыстасцяў адбыцца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ