Зінаіда Міхнюк: Мы загнаныя ў кут
Сітуацыя з правамі працоўных у рэгіёне і ў краіне ў цэлым толькі пагаршаецца. У гэтым упэўненая старшыня берасцейскай абласной арганізацыі незалежных прафсаюзаў Радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк.
„Жыхары рэгіёну баяцца страціць сваё працоўнае месца і заробак, на які аплочваюць камунальныя паслугі і набываюць ежу”, – кажа грамадская актывістка:
– Чым ніжэй заробак, тым у яго ніжэй даход, тым больш ён залежны ад таго, як заплаціць за камуналку, як пракарміць сям’ю. Я лічу, што мы загнаныя ў кут. Прафсаюзы для таго прафсаюзы, каб супрацьстаяць, каб тупіковыя эканамічныя рашэнні не аплачваліся падзеннем жыццёвага ўзроўню насельніцтва.
Паводле Зінаіды Міхнюк, найперш працоўным неабходна шукаць камунікацыю адзін з адным, пры неабходнасці — станавіцца сябрамі незалежнага прафсаюза. Важна ўмець правільна складаць скаргі і не баяцца заяўляць пра сябе.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце