Сімвал перамогі ці праява постсавецкага бяспамяцтва?



9 траўня – нагода для многіх беларусаў згадаць сваіх дзядоў, якія перажылі жахі ІІ Сусветнай вайны ў маладым узросце. Расейскія архівісты зрабілі тытанічную працу, дзякуючы якой на сайце http://podvignaroda.ru можна знайсці сціплую інфармацыю пра сваіх продкаў, што ваявалі ў складзе Чырвонай арміі. Звесткі тыя дужа няпоўныя і фрагментарныя, але і яны ў многім праліваюць святло на жудасныя падзеі той крывавай бойні.

Напрыклад, уводжу ў пошукавіку дадзеныя дзеда маёй жонкі Сергуна Канстанціна Ігнацьевіча. Атрымліваю вынік. Сярод узнагародаў – Ордэн Славы ІІІ ступені. Гэты медаль вядомы тым, што ў ягоным афармленні выкарыстаная гвардзейская стужка, якая стала правобразам цяперашняй “георгіеўскай”. Многія беларусы, якія чапляюць георгіеўскія стужкі на свае аўтамабілі, сумкі, заплечнікі, заднія кішэні джынсаў, перакананыя, што такім чынам выказваюць сваю павагу дзядам. У нюансах атрымання баявых узнагарод, як правіла, яны не сільна разбіраюцца, а шкада, бо поўныя веды, без прапагандысцкай мішуры, дапамаглі б ім зразумець гісторыю іх сем’яў, а таксама пачаць жыць без нянавісці да немцаў, “бандэраўцаў”, палякаў, піндосаў і гэтак далей па спісе. Вось, скажам, гісторыя жончынага сваяка Канстанціна Сергуна. У пачатку ліпеня 1944 года ён, як жыхар вызваленага Барысаўскага раёна прызыўнога ўзроста, трапіў пад мабілізацыю ў шэрагі Чырвонай арміі. І роўна праз месяц 3-га жніўня 1944-га года малады хлопец быў паранены. У скупых зводках паведамляецца: “Пры будаўнічым наступе за Нёманам, на падыходзе да мяжы Усходняй Прусіі падчас фарсіравання ракі быў цяжка паранены аскепкам снараду ў абедзьве нагі, што прывяло да ампутацыі”. Малады беларускі юнак паўтарыў лёс дзясяткаў тысяч прызыўнікоў, якіх кінулі ў кацёл вайны без належнай падрыхтоўкі і шкадавання з боку камандзіраў. На сайце http://podvignaroda.ru, на жаль, няма ніякай далейшай інфармацыі пра лёс гэтага чырвонаармейца. А між тым, ён быў вымушаны па вайне ўцякаць у Крым, паколькі ягоная жонка ў перыяд акупацыі мела няшчасце быць вывезенай у Нямеччыну на прымусовыя працы. Каб выратавацца, малады інвалід разам са сваёй жонкай кардынальна памянялі сваё жыццё і паехалі на савецкі Поўдзень, дзе не так шчыравалі камуністычныя спецслужбы.

Па вайне дзед Косцік не атрымаў ад дзяржавы прыстойны пратэз на ампутаваную нагу, перасоўваўся пры дапамозе драўлянай палкі. Час ад часу 30 аскепкаў у целе, якія так і не дасталі лекары, давалі пра сябе ведаць. Тады ягоныя мукі былі нясцерпнымі. Калі яго распытвалі пра баявых сяброў, як гэта часта паказвалася ў савецкіх кінафільмах, ён толькі адмахваўся, казаў, што ніякіх сяброў у яго не было, паколькі ён не паспяваў нават з імі пазнаёміцца, як даводзілася хаваць. “Тады мне здавалася, што дзед ваяваў на нейкай іншай вайне, а не на той, пра якую распавядалі па тэлеэкранах. Хоць пасталеўшы, зразумела, што менавіта на сапраўднай яму і давялося паваяваць”, — гаворыць жонка. Дазнаючыся пра такія гісторыі, разумееш сапраўдны кошт металічным бірулькам і стужкам. Перакананы, што ніякія ордэны дзеду Косціку, як і мільёнам сапраўдных франтавікоў, не заменяць забітых пабрацімаў, скрадзеных гадоў жыцця, ненароджаных дзяцей і разбураных гнёздаў. Нездарма дзеці вайны згадваюць, што ў першыя галодныя паваенныя гады яны гуляліся з узнагародамі бацькоў як з цацкамі, часта гублялі іх, а самі ветэраны не надавалі бірулькам вялікага значэння.

Што датычыць так званых “георгіеўскіх стужак”, то аматарам вывешваць іх на ўсеагульны агляд варта зразумець: іх апаненты не выступаюць супраць ушанавання памяці герояў ІІ Сусветнай вайны. У многіх праціўнікаў “перамогашальства” бацькі і дзяды таксама ваявалі супраць нацыстаў. Гаворка ідзе пра далікатнасць і адэкватнасць. Не трэба выкарыстоўваць бяду, якой стала для беларусаў апошняя вайна, дзеля самасцвярджэння і прапаганды гвалту. У ХХІ стагоддзі трэба не спальваць, а будаваць масты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ