Аляксандр Татаранка: БССР быў баракам у ГУЛАГу пад назвай СССР



Для беларусаў Дзень Перамогі павінен стаць Днём памяці і смутку. Пасля перамогі над “карычневай” чумой, беларусы на доўгія гады апынуліся пад акупацыяй “чырвоных”.

Да такой высновы прыйшоў былы падпалкоўнік міліцыі з Баранавіч, аўтар кніг “Недазволеная памяць” і “Горкія гады”, напісаных па архіўных дадзеных,  Аляксандр Татаранка:

РР: У 1939 адбылося вызваленне ці акупацыя?

– Калі Саветы заходзілі сюды ў рваных парцянках, калі НКВД і чырвоныя камандзіры сталі граміць лаўкі ў Баранавічах, Слоніме, Наваградку, Бярозе, Берасці, калі іх жонкі і бабы пачалі апранаць і хадзіць у начнушках, то гэта дзікасць. Ліст афіцэра контрвыведніка, які дае ацэнку: „Мы патрапілі ў Заходнюю Беларусь да западэнцаў – гэта ворагі, праціўнікі. Яны жывуць багата”. За прамежак часу 1921-39 мы захавалі эканамічную, культурную базу. Прыйшлі саветы. Так, з аднаго боку адбылося аб’яднанне, вярнулі гістарычную частку Беларусі. Але куды вярнулі? У канцлагер пад назвай БССР, які з’яўляўся баракам ці прасцей кажучы ў ГУЛАГ пад назвай СССР. Адна з прычын чаму сюды пасля вайны ламануліся ўсходнікі, бо выбілі ўсіх мясцовых жыхароў, таму ўся расейская галота ламанулася сюды. Яны ехалі цягнікамі, ішлі пешшу, каб засяліцца ў хаты. Тут 20 сотак зямлі, хата стаіць і хоць штосьці з зямлі можна было ўзяць. 1944 год, вызваленне, немцаў пагналі, пайшлі ў Еўропу. Але факты пра якія я распавядаю ў кнізе сведчаць пра тое, што гэта вызваленне на крыві.

РР: Чаму вы лічыце, што прыход бальшавікоў у Беларусь ператварыў яе ў пекла?

– Мне расейскія гісторыкі перадалі цікавую кнігу аўтара двойчы доктара навук Барыса Сакалова. Яго кніга называецца „Акупацыя”. Ён распавядае, што прыкладна ў 1944 годзе, калі рыхтавалася аперацыя па вызваленні Беларусі, былі адкліканыя ў штаб Беларускага фронту і тых франтоў, якія высоўваліся да Беларусі, усе кіраўнікі органаў контрвыведкі і афіцэры. Былі праведзеныя спецыяльныя курсы, інструктажы, заняткі. Афіцэры атрымалі ўказанні, што ім рабіць, а таксама структурным падраздзяленням СМЕРШу, франтавой выведкі, армейскай выведкі, у адносінах да насельніцтва вызваленай тэрыторыі Заходняй Беларусі. У гэтай кнізе я знайшоў факт, што ў студзені 1944 году з 25-й стралецкай дывізіі Чырвонай арміі, якая па ацэнцы самога Сталіна лічылася найбольш баяздольнай на той час. Перайшоў да немцаў капітан франтавой выведкі. Ён наш зямляк, капітан Ігар Капор, камандзір роты. Прыклад ці проста доказ таго, што гэта быў не трус, напрыканцы 1941 году быў узнагароджаны трыма ордэнамі баявога Чырвонага Сцягу – гэта тая ж зорка героя. Да 1944 гэта чалавек у якога грудзь у ордэнах, ён прымае рашэнне і пераходзіць да немцаў. Ён адразу трапляе да афіцэра нямецкай выведкі Абвер, расказвае сітуацыю. Праз дзве гадзіны яго самалётам дастаўляюць у Берлін. Ён распавядае пра тое, чаму яго вучылі на гэтых курсах. Калі сюды прыйдуць войскі Сталіна, усіх мужчын незалежна ад узросту – 14, 16, 50, 60 гадоў, нават не пераапрануўшы і не даўшы зброі, адправіць у дзеючую армію без усялякай падрыхтоўкі. Астатнюю частку – у штрафбаты і так званыя працоўныя атрады, каб пазбавіць ад мужчынскага насельніцтва. Астатнюю частку, хто ўжо не ўяўляў нейкую небяспеку і з каго немагчыма было выцягнуць карысць, вывезці за Урал. Усіх дзяцей, якія застануцца, калі загінуць бацькі ці кагосьці вывезуць, усіх у дзіцячыя дамы. Я залез у асаблівыя тэчкі, усё гэта адпавядае рэчаіснасці. Чырвоная армія ўвайшла ў Баранавічы а 2-й начы 8-га ліпеня 1944 – гэта была 15-я стралецкая дывізія. Чырвоную армію сустрэла каля 600 чалавек з 60 тысяч даваенных жыхароў гораду. 9 ліпеня ў горадзе прайшла першая зачыстка. За адну ноч было арыштавана больш за 600 чалавек. З іх 20 чалавек чальцы Саюза беларускай моладзі, а 800, якія ў яго ўваходзілі, сышлі ў лясы. 10 ліпеня ў горадзе засталося прыкладна 400 чалавек. Людзі сышлі.

РР: Што вы можаце сказаць пра даваенную і пасляваенную ўладу?

– Проста былі людзі, якія не ведалі быту, людзей, не ведалі мовы, не ведалі ўвогуле нічога. Яны прыехалі як каланізатары, як прыехалі гаўляйтары – маленькія, вялікія. Набраць, набіць кішэні і выконваць волю партыйных, савецкіх органаў, якіх накіравалі на знішчэнне ўсяго беларускага. Гэта было да вайны, гэта было, гэта было ў вайну праз групы НКУС, якія сталі касцяком партызанскага руху. І гэта было пасля вайны. 9 ліпеня 1944 года ў горадзе ўжо з’явіліся першыя асобы вобласці: першы сакратар абкаму Тур, той жа Чарнышоў, які складаў у лясах спісы. З’явіліся Баранаў, Бандарэнка – першыя асобы вобласці, партыйныя савецкія кіраўнікі. Партызаны іх проста пагарджалі імі, бо яны ўсю вайну ваявалі, елі ўрук у Фергане. Гэтыя асобы абапіраючыся на пляцоўку органаў НКДБ і вайсковай адміністрацыі. Чарнышоў пачынае аднаўляць грамадзянскую адміністрацыю. У Баранавіцкай вобласці было 26 раёнаў, то цяпер яны яе паменшылі і зрабілі 15 раёнаў. Для чаго гэта было зроблена? Што такое ў 26 раёнах людзей гнабіць, распраўляцца з імі, а што такое 15 раёнаў. Стварыць рэпрэсіўны апарат, іншыя структуры, былі накіраваныя супраць мясцовых жыхароў, то канешне яны пайшлі па спрошчаным шляху. Падчас прызначэння на пасаду ўпор рабіўся на партыйную і партызанскую прыналежнасць. Кандыдат павінен быў у першую чаргу быць расейцам, чальцом партыі, кандыдатам у чальцы партыі, чальцом камсамолу і абавязкова, каб ён прайшоў праз кроў так званых партызанскіх атрадаў. Турмы ў Нясвіжы, у Гарадзішчы, у Слоніме, у Баранавічах. Далей разварочваліся канцэнтрацыйныя лагеры – прыкладна 100 канцлагераў. Прыбралі шыльду нямецкую, павесілі савецкую. Там утрымлівалі мясцовых жыхароў, ваеннапалонных. У Наваградку канцлагер стаяў. Дагэтуль стаіць помнік, што загінула 24 тысячы чалавек у нямецкім канцлагеры. Я падымаю дакументы і не знаходжу факту пра тое, што ў горадзе Наваградку знаходзіўся нямецкі лагер ваеннапалонных. Размаўляў з людзьмі, яны распавялі, што тут з 1944 года да 50-х гадоў быў савецкі канцлагер, які быў ліквідаваны ў  1957 годзе.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Турмы і канцлагеры ва ўсіх гарадах і мястэчках. Нямецкія вывескі змяніліся на расейскія. Толькі ў Наваградку з 1944-га да 50-ых гадоў было расстраляна 24 тысячы беларусаў. Пасля вызвалення Беларусь страціла Вільню і Беластоцкую вобласць, знішчаны генафонд,  асабістая ўласнасць пры поўнай адсутнасці волі. Паводле яго словаў, з аднаго пекла беларусы трапілі ў другое.

Беларускае Радыё Рацыя