Фінал Лігі Еўропы будзе таксама чыста брытанскім



Сёлетнія футбольныя еўракубкі прайшлі пры поўным трыумфе ангельскіх клубаў. Як і фінал Лігі чэмпіёнаў, фінал Лігі Еўропы будзе таксама чыста брытанскім. У ім сустрэнуцца лонданскія „Арсенал” і „Чэлсі”.

„Арсенал”, перамогшы на сваім полі ў першым паядынку „Валенсію” 3:1, у гасцях пачуваўся дастаткова ўпэўнена. Кананіраў не збянтэжыў нават хуткі гол іспанскага клуба. Неўзабаве Абамеянг эфектна параўняў лічбы на табло. Пасля гэтага „Валенсіі” патрэбна было забіваць яшчэ тройчы. Гаспадары поля растранжырылі свае моманты, а вось лонданцы былі больш удалымі. У выніку з лікам 4:2 упэўненую вікторыю святкаваў менавіта „Арсенал” (7:3 па суме сустрэч).

Куды цяжэй даўся выхад у фінал лонданскаму „Чэлсі”. У першым матчы з нямецкім „Айнтрахтам” у Франкфурце на Майне была зафіксаваная нічыя 1:1. З такім жа лікам завяршылася змаганне і на туманным Альбіёне. Дадатковы час галоў не прынёс, а ў серыі пенальці больш удалымі былі футбалісты брытанскага клуба – 4:3 па забітых 11-мятровых.

Упершыню ў гісторыі еўракубкаў у фіналах згуляюць 4 каманды з адной краіны, прычым тры з іх прадстаўляюць Лондан.

Фінал Лігі Еўропы пройдзе 29 траўня ў Баку.

Беларускае Радыё Рацыя