Прычыны дэпартацыі інгуша Ісмаіла Нальгіева



Праваабарончая і журналісцкая супольнасці ў Беларусі выказваюць занепакоенасць лёсам маладога інгушскага хлопца, лёс якога ў гэтыя хвіліны вырашаецца ў адным з ізалятараў Менска. Гаворка ідзе пра блогера і актывіста Ісмаіла Нальгіева, які абраў Менск у якасці перасадачнага пункту на сваім авіямаршруце ў Прагу. Але ў аэрапорце “Менск-2” інгуша затрымалі па запыце расейскіх спецслужбаў. Хоць ніякіх падрабязнасцей затрымання мы не маем дагэтуль, але відавочна, што матывацыя расейскага боку простая: яны помсцяць за шматлюдныя акцыі грамадскага непадпарадкавання ў сталіцы Інгушэціі, якія разгарнуліся ў канцы 2018-пачатку 2019 гадоў. Адным з лідараў і натхняльнікаў гэтых пратэстаў быў Ісмаіл Нальгіеў. Ён актыўна каардынаваў акцыі праз сацыяльныя сеткі, даваў каментары для замежных і апазіцыйных СМІ, за што пераследаваўся расейскімі праваахоўнікамі. І вось цяпер ад беларускіх уладаў залежыць жыццё гэтага чалавека.

Пратэст у Інгушэціі, які распачаўся паўгода таму, стаў непрыемным сюрпрызам для ўладаў рэспублікі і для Крамля. Грамадзяне паставілі перад кіраўніцтвам сваёй рэспублікі пытанне адносна незаконнай перадачы часткі тэрыторыі суседняй Чачэніі. Людзі выйшлі на рэкордны па колькасці ўдзельнікаў мітынг у сталіцы Інгушэціі, патрабуючы перагляду кулуарнай дамовы паміж прэзідэнтам Юнус-Бек Еўкуравым і яго чачэнскім калегам Рамзанам Кадыравым, у выніку чаго фактычна адбылося ўзбуйненне тэрыторыі Чачэніі за кошт прыпамежных раёнаў гістарычнай Інгушэціі. Абсалютна заканамерна, што незадаволеныя інгушы запатрабавалі таксама адстаўкі падпісанта дамовы Юнус-Бек Еўкурава.

Гэтыя пратэсты мелі дастаткова мірны характар, цэнтральныя ўлады назіралі за ім здалечыні, спрабуючы задзейнічаць кропкавыя рэпрэсіі супраць лідараў пратэсту, інтрыгі і таемныя перамовы. Але ўжо ў канцы сакавіка было відавочна, што Масква зрабіла стаўку на непапулярнага прэзідэнта Юнус-Бек Еўкурава. У дачыненні да некаторых арганізатараў пратэсту, якія актыўна супраціўляліся дзеянням праваахоўнікаў на мітынгах за тэрытарыяльную цэласнасць Інгушэціі, былі распачатыя адміністрацыйныя і крымінальныя працэсы. Больш за 40 удзельнікаў мітынгаў былі затрыманыя пасля апошняй масавай акцыі 26-27 сакавіка. У такіх варунках, зразумела, Ісмаіл Нальгіеў мог непакоіцца за сваё жыццё. Тым больш, ён сваёй актыўнасцю выклікае раздражненне не толькі ў кіраўніцтва Інгушэціі. Вядома, што нечаканы ўсплеск грамадзянскай актыўнасці ў гэтай рэспубліцы агаломшыў аднаго з асноўных крамлёўскіх фаварытаў на Паўночным Каўказе Рамзана Кадырава. Ён неаднойчы ў сваіх відэазваротах спрабаваў паставіць на месца інгушскіх актывістаў.

Пасля затрымання Ісмаіла Нальгіева ягоным лёсам заклапаціліся беларускія праваабаронцы. Дзякуючы ім да яго змог трапіць адвакат, які і перадаў інфармацыю, што ніякага суда адносна скасавання рашэння аб дэпартацыі не будзе. Інгушскага блогера ў бліжэйшы час вышлюць паводле адпаведнага рашэння Аддзела па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага раёна Менска. Абставіны затрымання і высылкі Ісмаіла Нальгіева нагадваюць здарэнне з ворагам Рамзана Кадырава, чэмпіёнам свету па ММА Мурадам Амрыевым, якога ў чэрвені 2016 года затрымалі беларускія сілавікі і, нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, перадалі сваім расейскім калегам.

Паспешлівасць, якую дэманструюць беларускія ўлады, у справе Ісмаіла Нальгіева, наводзіць на думку адносна высокай ступені кааперацыі нашых праваахоўнікаў з расейскімі калегамі ў межах дадзенай спецаперацыі. Прыкметы гэтага маюцца як у нечаканым затрыманні, так і ў рашэнні аб тэрміновай высылцы. Выгладае на тое, што афіцыйны Менск прыслухоўваецца да аргументаў расейскага боку па прычыне таго, што яны гучаць з вуснаў уплывовых людзей, з якімі беларускія ўлады сварыцца не намераныя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ