Мікола Качурэц атрымаў новы сцяг замест знішчанага ў пастарунку



Падарунак  жыхару  Віцебска даслаў стваральнік  крамы  symbal.by  Павел Белавус. Яго ўразіла гісторыя пра суд, ініцыяваны Міколам Качурцом супраць Кастрычніцкага райаддзела міліцыі.

Міліцыянты  затрымалі  спадара Качурца  25 сакавіка мінулага году, калі ён выйшаў адзначаць Дзень Волі. Затрыманне скончылася судом і марнымі пошукамі забранай маёмасці, кажа Мікола Качурэц:

– Я захапіў з сабой сцяг і чакаў, пакуль збяруцца нашы. Усталяваў сцяг у лаўку, а сам хадзіў, глядзеў, чакаў. Пад’ехала “дзявятка” вішнёвага колеру. Сказалі: “Прайдзёмце ў Кастрычніцкі РАУС”. Потым мяне судзілі, але сцяга на судзе не было, ён заставаўся ў Кастрычніцкім РАУС. Ну, раз сцяга няма, мы пачалі пісаць: дзе ж сцяг? Сказалі, што сцяга няма.

 Кіраўніцтва райаддзелу паведаміла, што сцяг знішчылі. Уладальнік спрабаваў спагнаць з міліцыянтаў грошы за сцяг, але гэта ўдалося яму толькі часткова: Качурэц патрабаваў сплаціць яму 42 рублі, але суд пастанавіў вярнуць толькі 8 рублёў 30  капеек.

Днямі віцяблянін атрымаў бандэроль з новым сцягам ад крамы  symbal.by і апублікаваў відэа, як гэта было.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя